Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Уручаны дыпломы выпускнікам Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.06.2015 17:27

Уручэнне дыпломаў аб заканчэнні Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля адбылося 20 чэрвеня ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску.

На святой Імшы, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і якая папярэднічала цырымоніі ўручэння дыпломаў, выкладчыкі, навучэнцы і выпускнікі каледжа дзякавалі Богу за пройдзены навучальны шлях.

Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі параўнаў Мінскі тэалагічны каледж са школаю Езуса Хрыста, а яго навучэнцаў — з першымі апосталамі Божага Сына, якіх Езус паклікаў пайсці за Ім, і яны пайшлі, спачатку да канца не разумеючы таго, што ім гаварылася.


Таксама біскуп заклікаў запытацца саміх сябе: «А ці не залішне мы клапоцімся пра сённяшні дзень?», і падумаць, наколькі гэты клопат суразмерны таму, як мы давяраем Богу.

Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, іерарх заўважыў, што галоўная місія хрысціян, а асабліва іх, — «ісці і дзяліцца Хрыстом, у сваім асяродку сведчыць пра Яго».

Біскуп прыгадаў звычку і показку беларускага народа: «Калі трывога — то да Бога», адзначыўшы, што «менавіта тыя, хто вучыўся тэалогіі, хто ведае больш пра Хрыста, павінны змяняць гэты стэрэатып, паказаць, што да Бога трэба прыходзіць заўсёды, не толькі, калі трывога, але быць з Ім і ў шчасці».

«На пачатку Езус кажа вучням, каб ішлі і казалі, што наблізілася Валадарства Нябеснае, не ўскладаючы на іх асаблівай звышмісіі. Аднак, калі Езус бачыць, што вучні гатовыя, то кажа ім ісці і быць Яго апосталамі, ісці і абвяшчаць Евангелле», — дадаў біскуп.


«Будзьце і вы сведкамі Хрыста!» — заклікаў іерарх тых, хто атрымліваў у гэты дзень дыпломы, а таксама тых, каго наперадзе яшчэ чакаюць гады вучобы і падрыхтоўкі.

«Жадаю вам быць сапраўднымі вучнямі Хрыста, каб дзякуючы вам, навучэнцам каледжа, вашыя сябры і іншыя людзі знайшлі сцяжынку да Бога», — сказаў напрыканцы гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля Эўхарыстыі кс. Ян Крэміс, дырэктар Мінскага тэалагічнага каледжа, падзякаваў біскупу за вобразнае слова, у якім вучоба ў каледжы была параўнаная са школаю Езуса Хрыста, і запрасіў прысутных на ўручэнне дыпломаў у дольную частку касцёла.

Цырымонію ўпрыгожылі творчай праграмай навучэнцы каледжа. 12 выпускніц — «вучаніц, а ўжо апосталак» — атрымалі дыпломы, якія сведчаць аб іх гатоўнасці «ісці і абвяшчаць Божае Слова».

Дыпломы ўручалі кс. Ян Крэміс, а таксама біскуп Юрый Касабуцкі, які, нягледзячы на свае біскупскія клопаты і абавязкі, таксама выкладаў у каледжы.

Ксёндз Ян Крэміс адзначыў лепшых выпускніц, якімі сталі Таццяна Якушэўская з сярэднім балам 4,98, Анастасія Драгун — 4,82 , а таксама Ганна Качалка — 4,80.

У каледжы, у адрозненне ад дзяржаўнай адукацыі з 10-бальнай сістэмай ацэнкі, дзейнічае 5-бальная.


У апошні год навучэнцы павінны прадставіць дыпломныя працы, у якіх даследуюць актуальныя пытанні, што закранаюць наша грамадства. Напрыклад, дыпломная праца Ганны Качалкі тычылася маральна-псіхалагічнага аспекту абортаў, праца Таццяны Якушэўскай была прысвечана праблемам развіцця асобы ў разуменні еўрапейскага свецкага гуманізму і хрысціянства, а Анастасія Драгун разглядала ў сваёй працы ролю св. Пятра ў Першым Касцёле, у Евангеллях і Дзеях Апосталаў на аснове прац Айцоў Касцёла.

Напрыканцы пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк, якому неаднаразова выказвалася падзяка за прадастаўлення памяшканняў для правядзення заняткаў каледжа ў Чырвоным касцёле, як клапатлівы гаспадар пачаставаў выпускнікоў і іх выкладчыкаў своеасаблівымі медалямі з мёду.

Праца каледжа толькі паспела завяршыцца, як на самым канцы сустрэчы дырэктар запрасіў на распачацце новага навучальнага года, якое адбудзецца 5 верасня. Быў аб’яўлены таксама час пачатку заняткаў — 9.00.


Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.