Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у мінскай архікатэдры: «Езус можа суцішыць буры нашых сэрцаў»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.06.2015 16:26

21 чэрвеня, у XII Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гаміліі іерарх разважаў над чытаннем Евангелля на гэты дзень, якое распавядае аб сцішэнні Езусам буры на моры. “Езус сказаў апосталам пераправіцца на іншы бок возера. Усё наша жыццё – гэта пілігрымка, гэта пераправа на іншы бок нашага жыццёвага возера. Часам неабходна пакінуць добра вядомы нам бераг нашага жыцця і пайсці ў невядомае. У нашым жыцці бываюць моманты пералому, калі нешта завяршаецца і распачынаецца новае, невядомае. Моманты новых выклікаў. Моманты, калі мы разумеем, што неабходна распачаць новую працу, выканаць новае заданне ці новую місію”, - адзначыў арцыпастыр.

Пры гэтым, дадаў Мітрапаліт, важна памятаць, што “з намі заўсёды ёсць Хрыстус, хаця часам нам здаецца, што Ён заснуў і не клапоціцца пра нас”. “Але Ён сапраўды ёсць з намі. Ён не сказаў апосталам: “Вы перапраўцеся”, але “Давайце пераправімся разам”. Ён пасылае нас, але ў той жа час кажа: “Зробім гэтае заданне разам”. У гэтым наша надзея”, - патлумачыў арцыбіскуп.

“Бура на моры – гэта вобраз Касцёла і вобраз жыцця кожнага з нас, - звярнуў таксама ўвагу Мітрапаліт. - Буры, крызісы, цяжкасці – гэта частка нашага жыцця. І з гэтым неабходна пагадзіцца. Але адначасова неабходна даверыцца Богу, бо гэта выпрабаванне нашага хрысціянства і шанец на лепшую будучыню”.

Іерарх дадаў, што, калі здаецца, “што Бог не бачыць ці спіць, а можа, абыякавы да нашых праблем”, то “мы не павінны саромецца выказаць свае эмоцыі перадусім на малітве з просьбай аб дапамозе, як гэта ўчынілі апосталы”.

Па словах арцыпастыра, Езус, пытаючыся ў апосталаў: “Чаму вы такія баязлівыя? Вам недастае веры?”, сёння “задае гэтае пытанне і нам, бо нам вельмі часта бракуе веры і даверу да Бога, даверу, што Ён можа суцішыць буру нашых сэрцаў”.

Таксама, адзначыў Мітрапаліт, “мы павінны памятаць і аб буры, якая можа быць у нашых сэрцах, і аб тым, што яна таксама вельмі небяспечная”, “унутраныя буры нашага жыцця пагражаюць нам і імкнуцца затапіць наш жыццёвы карабель, і “такую буру можна сцішыць толькі духоўным спосабам праз сакрамэнт навяртання, малітву, добрыя ўчынкі”.

(AG)    

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.