Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзеці Вілейкі здзейснілі пілігрымку па старонках Бібліі і гісторыі Беларусі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.06.2015 16:47

16 чэрвеня адбылася пілігрымка дзяцей і моладзі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы ў Баранавічы і Нясвіж.

Напачатку маладыя пілігрымы наведалі адзіны ў Беларусі незвычайны музей Бібліі ў Баранавічах. Дзякуючы экскурсіі, цікавым аповедам і незвычайным экспанатам дзеці мелі магчымасць здабыць новыя веды, наблізіцца да культуры, гісторыі і геаграфіі Святой Зямлі, а таксама нанава прачытаць для сябе некаторыя старонкі Бібліі. У доме місіянераў Божага Слова, дзе знаходзіцца музей, пілігрымы сабраліся на супольную малітву, а таксама пазнаёміліся з галоўным дырэктарам часопіса «Дыялог» бр. Карнэліем Консэкам.

Пасля дзеці накіраваліся ў касцёл Маці Божай Фацімскай і дом сясцёр місіянерак Святой Сям’і, якія накармілі пілігрымаў смачным абедам.

З Баранавіч дзеці паехалі ў Нясвіж. Найперш яны наведалі адну з найбольш прыгожых святынь Беларусі – касцёл Божага Цела. Пробашч мясцовай парафіі кс. Пётр Шарко распавёў пра гісторыю касцёла, радавога магільнага склепу князёў Радзівілаў і самогаНясвіжа. Аповед асабліва спадабаўся дзецям, бо быў напоўнены цікавымі паданнямі і легендамі пра крыпту-пахавальню Радзівілаў.

Пасля экскурсіі пілігрымы сабраліся ў касцёле на святой Імшы, якую цэлебраваў пробашч вілейскай парафіі кс. Аляксандр. Пасля Эўхарыстыі дзеці мелі час пахадзіць па Нясвіжскім парку і набыць рэлігійныя рэчы. Таксама пілігрымы сустрэліся з кс. Андрэем Калядкам, які калісьці дапамагаў у вілейскай парафіі ў якасці дыякана, а цяпер служыць вікарыем у Нясвіжы.

Далей дзяцей чакаў салодкі пачастунак, які спякла настаўніца па рэлігіі Ганна, і забаўляльны парк са шматлікімі цікавымі атракцыёнамі.

Незвычайная пілігрымка ўзбагаціла дзяцей новымі ведамі і ўражаннямі і стала духоўным падмацаваннем у далейшым жыцці з Богам.


Надзея Смажанкова

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.