У засвірскім касцёле ўшанавалі памяць Казіміра Сваяка |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
23.06.2015 12:39 |
Святочныя мерапрыемствы ў гонар 125-годдзя святара і паэта Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка) прайшлі 20 чэрвеня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы вёскі Засвір на Мядзельшчыне. Казімір Сваяк служыў у засвірскім касцёле ў 20-я гады мінулага стагоддзя. З засвірскай парафіяй звязана найбольш інтэнсіўная літаратурная і грамадская дзейнасць Канстанціна Стаповіча ў апошнія гады яго жыцця. Нягледзячы на тое, што гэта была малая парафія, да якой належала пяць невялікіх вёсак (Засвір, Коркі, Унукі, Ключаткі і Дубнікі), жыхары былі пераважна беларусы — католікі, якія з вялікім захапленнем слухалі казанні маладога святара на беларускай мове. На святкаванне прыбылі госці з Астравеччыны і Мядзельшчыны, дзе ў Засвіры працяглы час вёў душпастырскую дзейнасць кс. Канстанцін Стаповіч. Перад пачаткам урачыстых мерапрыемстваў прысутным раздалі друкаваныя матэрыялы “З успамінаў пра Казіміра Сваяка і Засвір”, якія падрыхтаваў Зміцер Вінаградаў. Імпрэза пачалася ў 12.00 у касцёле Найсвяцейшай Тройцы, дзе адбылася святочная Імша-ўшанаванне святара і паэта Казіміра Сваяка, якую супольна праводзілі ксёндз дэкан Багуслаў Маджэеўскі са Свіры, пробашч парафіі ў Канстанцінаве ксёндз Алег Мурзіч, айцец Анатоль Захарэўскі з Міхалішак. Пасля Імшы выступілі арганізатар святкавання — вядомы краязнаўца, крэўная паэта Іаланта Валуевіч; краязнаўца Іван Драўніцкі з Камарова, бацьку якога вучыў Казімір Сваяк; мастак Алесь Цыркуноў (аўтар карціны “Партрэт Казіміра Сваяка”) і іншыя. Прагучалі вершы Казіміра Сваяка. Затым бард з Астравеччыны Аляксандр Якіменка выканаў свае аўтарскія песні-ўслаўленні славутага святара і песні на словы Казіміра Сваяка. Зміцер Вінаградаў |
Фотарэпартаж |