«Першы першай»: пілігрымка з Ліды вырушыла ў шлях |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.06.2015 17:01 |
25 чэрвеня выйшла пілігрымка «Ліда-Будслаў», якая ў гэтым годзе ўпершыню з гэтага каталіцкага краю была арганізавана кс. Уладзіславам Сурвілам. Сёння пілігрымы, колькасць якіх 56, дойдуць да Ліпнішак. Напярэдадні пілігрымкі адзін з яе ўдзельнікаў Арцём Ткачук, які зусім нядаўна вярнуўся са сваёй нарачонай Мартай Бекіш з місій у Камеруне, пісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Заўтра выходжу з першым у гісторыі паломніцтвам з Ліды ў Будслаў. Гэтакае паломніцтва калісьці падавалася немагчымым, а заўтра стане рэчаіснасцю. Людзі з Ліды хадзілі пешшу ў Будслаў з розных куткоў Беларусі, а вось са свайго роднага горада — яшчэ ніколі. У гэтыя дні хрысціянскае сэрца Беларусі нібы збіваецца з рытму і пачынае хутка тохкаць, забіваючы дых. Люблю гэты стан». Пілігрымка «Ліда-Будслаў» мае свайго духоўнага кіраўніка, ім стаў кс. Віталій Сідорка. — Канферэнцыі на якую тэму чакаюць тых, хто адольвае шлях з Ліды? — пытаюцца вочы тых, хто ідзе. — На сур'ёзную — тэму паклікання: да святарства, манаскага жыцця, сямейнага, — кажа арганізатар кс. Уладзіслаў, які адзначае, што пераважна ідзе моладзь. Самаму старэйшаму пілігрыму 55 гадоў.
Удзельнікі пілігрымкі «Ліда-Будслаў», як і пілігрымкі, што вырушыла з Брэста, далучыліся да твіт-трансляцыі, да якой запрашаюцца і заахвочваюцца ўдзельнікі і іншых пілігрымак, якія вырушаць у шлях. Аксана Ючкавіч |