Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Поўныя радасці і з добрым апетытам. Што адчуваюць і кажуць пілігрымы ў Будславе? (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.07.2015 15:11

Мы, рэдакцыя Catholic.by, амаль заўсёды пазбаўленыя магчымасці ісці пешшу на свята Маці Божай Будслаўскай. Душа ірвецца ў дарогу, ізноў выпрабаваць і ўзмацніць сваю веру і трываласць, сустрэцца са старымі і новымі сябрамі. Аднак сайт павінен увесь час працаваць. "Частка карабля, частка каманды", - іранічна паўтараю сабе прымаўку маракоў-нявольнікаў "Лятучага галандца" з "Піратаў Карыбскага мора".

Бо мусім сядзець у рэдакцыі ў Мінску, праводзіць пілігрымкі, прымаць карэспандэнцыі з іншых гарадоў і іншых пілігрымак, пісаць і перакладаць навіны з Беларусі і замежжа.


Сустракаем раніцу ў часовай рэдакцыі Catholic.by ужо ў самім Будславе. Вёска яшчэ ціхая, міліцыя не перакрыла цэнтр, але атмасфера свята ўжо адчуваецца. На вуліцы ўпрыгожваюць алтар, падрыхтоўваюць пляц, а мы падключаем кабелі да камп'ютараў, перастаўляем мэблю, яшчэ некалькі гадзін і...

Ідуць! Першая пілігрымка, другая, трэцяя — спачатку чуюцца гукі вясёлай песні, б'юць барабаны, граюць гітары, потым з-за павароту з'яўляецца крыж ці фігура Божай Маці, потым сцягі.

Кожны вялікі і малы ручай ідзе да сваёй галоўнай мэты — санктуарыя і абраза Маці Божай Будслаўскай, каб малітвай і спевам прывітаць Апякунку Беларусі, аддзячыць за дапамогу на доўгім шляху і папрасіць Яе маліцца да свайго Сына.

А вось пра што пілігрымы думаюць, калі яны выходзяць з храма і стомлена сядаюць на траўку, чакаюць сяброў ці гуляюць па мястэчку?


“Зараз галоўная думка – ачуняць, прыйсці ў сябе”, - кажа семінарыст Сяргей у саламяным капелюшы з вельмі маладой пілігрымкі Мёры-Наваполацак, якая прыйшла самай першай. А што зараз будуць рабіць ягоныя браты і сёстры-пілігрымы, вядома адразу: “У нас усё арганізавана, ідзем зараз у лагер, ставім намёты, прыводзім сябе ў парадак, можа, перакусім і памыемся і ідзем на Імшу для пілігрымаў”.

“А нам плакаць хочацца, ад шчасця, канешне. І дзякаваць Богу за тое, што дайшлі са сваімі думкамі і надзеямі”, - распавядаюць Марыя Макарэвіч і Хрысціна Вайсковіч. Яны належаць да старэйшага пакалення, але прайшлі разам з маладымі 150 км і захавалі бадзёрасць.

"Што адчуваеце, што хочацца зрабіць зараз?" – пытаюся ў Марыны Быльновай з ракаўскай пілігрымкі.

“Радасць, спакой, а прысесці – не, мы ж Ракаў, мы альбо ляжым, альбо бяжым. Вельмі пашанцавала з надвор’ем, ляцелі як арлы, хоць і авечкі”, - распавядае яна, паказваючы на малюнак на фірменнай футболцы ракаўскай пілігрымкі.

“Спачуваю Католік.баю, што не можаце ісці з намі”, - дадае Марына з іранічным бляскам у вачах.

“Я б яшчэ ішла і ішла. Маёй інтэнцыяй было здароўе для бацькоў і шчасце ўсіх людзей”, - распавяла 12-гадовая Ангеліна Юшкевіч, якая прыйшла з Мінскам.

“Вельмі чакаю, калі сустрэнуся з мамай. Я рада, што пайшла ў пілігрымку і што прыйшла”, - кажа яе сяброўка, 11-гадовая Яніна Цмыковіч.


“Адчуваю лёгкасць. За ўсе дні знайшоў толькі адзін мазоль”, - усміхаецца 17-гадовы Антон Ястрэмскі. “А хочацца прысесці, пад’есці, каб моцы хапіла яшчэ паспяваць на Імшы для пілігрымаў”, - дадае ён.

“Шкадую, што пайшла толькі на адзін дзень, бо такая цудоўная атмасфера. І адначасова рада, што хоць на адзін дзень, але патрапіла”, - кажа 25-гадовая Аліна Пацкевіч з Бабруйска.

Многія прагаладаліся, таму што ішлі ў Будслаў з самага ранку, не прыпыняючыся для таго, каб падсілкавацца.

“Зараз ідзем у лагер, да доўгачаканага абеду”, - кажа Аліна.

“Мы вельмі рады таму, якую салідарнасць праявілі лідчане, калі рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў пілігрымцы. Нам дапамагалі многія лідскія прадпрыемствы”, - сказаў ксёндз Уладзіслаў Сурвіла з Ліды.

“Усё было класна! Супер!” – закрычалі ўсе пілігрымы з Ліды, як толькі пачулі маё “Як настрой? Пра што думаеце?”.

“У нас усё было па-беларуску, у беларускім нацыянальным характары, вельмі цешымся з гэтага”, - распавядалі яны. З захапленнем яны таксама згадвалі, як іх сустракалі ў розных вёсках, а таксама пра тое, як у адной вёсцы іх святары асвяцілі крыж.


Лідчане таксама прагаладаліся і з зямных рэчаў больш за ўсё хацелі кока-колы і паабедаць.

Знаёмлюся з вельмі загарэлым хлопцам Паўлам, які вартаваў сваю пілігрымку на шляху з Мёраў у Будслаў – гэта бачна па сцяжках у руках і камізэльцы са светлаадбівальнымі элементамі.

“Не сказаць, каб моцна стаміліся. З малітвай усё лёгка”, - заключае ён.

Аляксандр Гелагаеў

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.