Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вяртанне Бога ў Аборак: упарадкаваныя рэшткі касцёла Узнясення Дзевы Марыі і святога Роха
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.07.2015 10:20

Цягам некалькіх месяцаў 2015 года намаганнямі дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» ў весцы Аборак, што на Маладзечаншчыне, ішло аднаўленне рэштак касцёла Узнясення Дзевы Марыі і святога Роха XV стагоддзя, а таксама добраўпарадкаванне склепа-пахавальні роду Ходзька-Дэдэркаў.

Вывучаючы спадчыну кампазітара М.К. Агінскага, прадстаўнікі фонду пачалі даследаваць гісторыю яго асабістага сакратара Леанарда Ходзькі і звярнулі ўвагу на невялічкую вёску Аборак, дзе і нарадзіўся апошні.

Касцёл быў узведзены ў 1443 годзе. За ўсю гісторыю свайго існавання касцёл быў драўляны, некалькі разоў перабудоўваўся. Але ў часы Другой сусветнай вайны святыня дзейнічала – у ёй праводзіліся набажэнствы, на якія з’язджаліся вернікі з іншых вёсак. А вось у час новага ўмацавання ў Беларусі маскоўскай камуністычнай улады – з 1946 года – будынак касцёла аддалі пад калгасны склад, дзе захоўвалі збожжа. Так было да сярэдзіны 60-х гадоў, пакуль будынак поўнасцю не прыйшоў у заняпад. Тое, што засталося, было расцягнута вяскоўцамі на пабудовы ці рамонт хат, розных гаспадарчых пабудоў, ды і проста на дровы.


Невялічкая тэрыторыя, на якой знаходзіўся касцёл, абрасла бур’янам, ператварылася ў сметнік. Фамільны склеп быў разрабаваны. Старажылы кажуць, што нехта з мясцовых прыстасаваў яго пад будынак для самагонаварэння.

Фонд не мог гэта абысці бокам і на працягу некалькіх месяцаў пры падтрымцы шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый раёна аднавіў браму, поўнасцю ачысціў тэрыторыю і сам склеп-пахавальню ад смецця, расчысціў кожную надмагільную пліту, аднавіў крыж і памятны знак, на якім быў ўмацаваны анёл – атрыбут святога Роха.

Аднаўленне стала рэальным дзякуючы дзейнасці могіх людзей і арганізацый, але пачалося ўсё з трох асобаў: краязнаўцы і нястомнага даследчыка культуры і гісторыі Маладзечаншчыны Валерыя Бурэня, прадпрымальніка Уладзіміра Сівуха і заслужанага дзеяча культуры Беларусі Рыгора Сарокі.

Аборак, Агінскія і род Ходзькаў

Як паведамляе Валерый Бурэнь, у XVIII стагоддзі ў Аборку знаходзіўся цэнтр вялікага маёнтка, што належаў роду Агінскіх. Касцёл святога Роха ў 1773 годзе перабудаваў менавіта Францішак Ксаверый Агінскі, у якога ў 1793 годзе і набыў маёнтак Казімір Дэдэрка, дзед Леанарда Ходзькі.

Свой род Ходзькі вядуць з часоў вялікага князя літоўскага Віценя. Як гаворыць легенда, у час бітвы з крыжакамі адзін з ваяроў выратаваў вялікага князя, пасадзіў яго на плечы і хуткай хадой вынес з поля бою. За гэта князь даў яму прозвішча Ходзька.

Род Ходзькаў мае шмат выдатных прадстаўнікоў: Андрэй удзельнічаў у Грунвальдскай бітве, Рыгор прымаў у сваім маёнтку ў Заблудаве Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія ўцяклі з Масквы і выдалі дзякуючы гэтаму ўсім вядомыя «Евангелле вучыцельнае» і «Часаслоў», Ігнацый знайшоў славу доктара філасофіі і тэалогіі, Ян дабіўся пасады прэзідэнта Мінскага земскага трыбуналу, Юзаф – генерал-лейтэнант рускай арміі – быў цудоўным геадэзістам і тапографам, Аляксандр вывучаў усходнія і славянскія мовы і пісаў вершы.

Але самым знакамітым прадстаўніком роду Ходзькаў быў Леанард, які нарадзіўся ў 1800 годзе. У 19-гадовым узросце ён становіцца сакратаром Міхала Клеафаса Агінскага, даводзіць да ладу яго архіў. У Парыжы ў 1826 годзе выдае мемуары кампазітара на французскай мове, а таксама двухтомнік вершаў Адама Міцкевіча на польскай мове, «Гісторыю польскіх легіёнаў», «Біяграфічныя нататкі з жыцця Тадэвуша Касцюшкі». Таксама стварае геаграфічныя карты Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі, Беларусі, збірае 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі і Украіны.

Шанаванне святога Роха

Культ святога Роха як апекуна пры заразных хваробах распаўсюдзіўся ў ХV стагоддзі ў многіх краінах.

Паводле адной з версій, святы Рох нарадзіўся са знакам крыжа на грудзях. Рана застаўся сіратой, усю маёмасць раздаў бедным і накіраваўся ў Рым. Па дарозе яго напаткала эпідэмія чумы, і ён застаўся дапамагаць хворым. Як узнагароду за самаахвярнасць Бог адарыў яго дарам аздараўляць хворых на чуму.

У славянскай традыцыі святога Роха шанавалі найперш як апекуна жывёлы, а таксама падарожнікаў, аптэкараў, урачоў, агароднікаў, шпіталяў, вязняў.

У касцёле ў Аборку часта бываў ураджэнец Браслаўшчыны контр-адмірал Іван Канаржэўскі, які лічыў святога Роха заступнікам судаходства. Сам афіцэр загадаў пахаваць сябе разам са сваімі сынамі на касцёльных могілках, што і было зроблена.

Усяго ў гонар святога Роха ва ўсім свеце пабудавана каля трох тысяч касцёлаў. У некаторых з іх праводзяцца набажэнствы, іншыя ляжаць у руінах. А рэшткі касцела ў Аборку, можна спадзявацца, будуць цікавіць турыстаў і жыхароў як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны – вельмі багатай і глыбокай: трэба толькі гэты моцны пласт падняць і дасканала вывучыць!

Падчас працы фондаўцаў у Аборку адна мясцовая бабуля, праходзячы побач, ціха сказала: «Адчуваю, у Аборак Бог вярнуўся!»

Павел Сапоцька, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў,
старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага фонду культуры (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.