Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VI Парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі стартавала
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.07.2015 14:48

13 ліпеня ў Івянцы адкрылася VI Парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гэтым годзе ў спаборніцтвах прымаюць удзел каля ста чалавек ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў, якія прыбылі з парафій Будслава, Вілейкі, Дзяржынска, Мінска, Мядзеля, Налібок, Свіры, а таксама гаспадары пляцоўкі – каманда з Івянца.

Перад пачаткам была праведзена жараб’ёўка, на якой вызначылася паслядоўнасць удзелу каманд у спаборніцтвах. Урачыстая цырымонія адкрыцця пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў галоўны арганізатар парафіяды кс. Юрый Санько. Пасля ўсе каманды перайшлі на пляц св. Яна Паўла ІІ, дзе была прачытана малітва-прысяга ўдзельніка, пасля якой скаўты запалілі агонь парафіяды пад сцягамі “Тэатр”, “Святыня”, “Стадыён”.  Менавіта гэтыя тры накірункі складаюць аснову спаборніцтваў. Цырымонія адкрыцця завяршылася супольным спевам гімну “Магутны Божа”.


На цырымонію адкрыцця парафіяды завіталі госці з Федэрацыі гульні Рынга. Яны правялі майстар-клас для ўдзельнікаў, а таксама прапанавалі паспрабаваць сябе ў гэтай гульні. У якасці падарунка кожны, хто адважыўся паспрабаваць гэтую гульню, атрымаў маленькія “рынга” - баранкі (назва гульні паходзіць з англійскай мовы і ў перакладзе азначае “кальцо”).

Пасля ўрачыстага адкрыцця ўсе ўдзельнікі сабраліся ў галоўнай зале, дзе адбылася прэзентацыя каманд. Падчас прэзентацыі адчувалася, з якой радасцю і задавальненнем моладзь прыбывае ў Івянец, каб быць разам і прадставіць свае парафіі ў розных конкурсах і спаборніцтвах.


Напрыканцы дня кс. Юрый Санько пажадаў усім добрага настрою, папрасіў быць уважлівымі і ветлівымі адзін да аднаго і благаславіў на добры сон.

Варта адзначыць, што пераможцы парафіяды ў наступным годзе прымуць удзел у Міжнароднай парафіядзе ў Польшчу, дзе прадставяць нашу архідыяцэзію.

Арганізатары жадаюць хлопчыкам і дзяўчынкам добрага настрою і не менш добрага надвор’я.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.