14 чэрвеня з Салігорска вырушыла роварная пілігрымка ў Чэнстахову. Пілігрымы ўпершыню рашыліся пераадолець каля 930 кіламетраў на роварах.
Пасля нядзельнай святой Імшы пілігрымы (21 чалавек, у тым ліку чатыры францішканцы) выехалі з горада. Тэмпература трымалася каля 34˚С, што ўскладняла пераадоленне дыстанцыі першага дня, якая склала 91 км. Аднак з малітвай пілігрымы шчасліва даехалі да Сіняўкі, дзе ў адным з двароў, каля студні, з дазволу гаспадара расставілі намёты.
На наступны дзень пасля спеву гадзінак аб Беззаганым Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі пілігрымы вырушылі да дзіцячага санаторыя “Сасновы Бор”. Гарачыню папярэдняга дня астудзіў моцны і працяглы лівень. Адміністрацыя санаторыя дазволіла размясціцца на начлег у вялікай зале. Там можна было высушыцца, а дзеці ў знак падзякі атрымалі новы спартыўны інвентар.
На трэці дзень пілігрымы наведалі па дарозе касцёлы ў Івацэвічах, Косаве, Косаўскі і Ружанскі замкі. Напрыканцы дня, поўнага ўражанняў, яны сустрэліся з добразычлівасцю і гасціннасцю пробашча кс. Януша і парафіян у Ружанах. Кожны дзень пілігрымы перажывалі святую Імшу з гаміліяй, разам маліліся і ўдзельнічалі ў канферэнцыях, прысвечаных розным аспектам духоўнага жыцця.
Раніцай наступнага дня пасля Імшы пілігрымка вырушыла ў кірунку апошняга запланаванага начлегу на беларускай зямлі, у Свіслачы Гродзенскай вобласці. Там яны адпачылі і аднавілі свае сілы дзякуючы гасціннасці айца францішканіна Валерыя разам з парафіянамі.
Пяты дзень прадугледжваў пераезд беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску “Бераставіца” і начлег у Міхалова ў парафіі Божага Провіду. Пробашч кс. Крыштаф разам з вікарыем і парафіянамі паклапаціліся аб гасцінным прыняцці пілігрымаў, паказалі ім сваё мястэчка, вечарам арганізавалі вогнішча для гасцей. Час прабывання разам яшчэ больш з’яднаў групу і надоўга пакінуў у памяці пілігрымаў вялікія сэрцы парафіян у Міхалова.
Шлях наступнага дня прабягаў у большасці нацыянальнай дарогай №19. Аўтамабільны рух быў вельмі ажыўлены і здаваўся небяспечным, і гэта схіліла да выбару шляху наступных дзён вясковымі дарогамі. Вечарам пілігрымы даехалі да Бельска Падляскі і былі прыняты пробашчам кс. Збігневам і вернікамі ў парафіяльны дом, дзе добра адпачылі.
Шлях да Лосіц прабягаў спакойна, з нядоўгім пошукам аб’езду рамантаванай дарогі ў Лукаве. У парафіі Святога Зыгмунта пілігрымаў чакала смачная вячэра і адпачынак. На наступны дзень пасля нядзельнай Імшы ў парафяльным касцёле пілігрымы вырушылі да кляштару айцоў кармэлітаў у Волі Гулоўскай. Гэты санктуарый паўстаў на месцы аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі жанчыне ў 1548 годзе. Пазней з’явіўся цудадзейны абраз, перад якім можна памаліцца і сёння.
На наступны дзень пасля святой Імшы ў галоўным алтары пілігрымы вырушылі ў напрамку Зволеня. Там пры парафіі Узвышэння Святога Крыжа “Роварная група Зволень” і парафіяльныя групы разам з пробашчам арганізавалі вечар пры вогнішчы, супольных спевах, размовах і малітве.
На наступны дзень шлях скіраваўся ў Шыдловец. У палове дорогі ад Зволеня знаходзіцца кляштар сясцёр кларысак у Скарышэве. Пілігрымы папрасілі аб магчымасці сустрэцца з сёстрамі, паслухаць гісторыю супольнасці кларысак і аб іх жыцці. У гэтым кляштары больш за 10 гадоў знаходзіцца беларуска с. Клара Уласавец OSC. Жыццё сясцёр у кляўзуры, іх звычаі і гісторыя вельмі зацікавілі пілігрымаў. Пасля цікавай сустрэчы шлях у Шыдловец прайшоў вельмі спакойна. У Шыдлоўцы ксёндз дэкан Адам разам з вікарыем размясцілі пілігрымаў на начлег.
Адзінаццаты дзень пачаўся святой Імшой і прабягаў у напрамку Радошыц. Прыгожыя краявіды і шмат ўзгоркаў не пакінулі пілігрымаў без успамінаў. Квітнеючыя палі з чырвонымі макамі захапілі салігарчан, прызвычаеных да гарадской архітэктуры. Шлях прабягаў на ўлонні прыроды і дапамог заўважыць прыгажосць і след Божай прысутнасці ў тым, што акружае чалавека. Вандроўка на роварах дапамагла заўважыць шмат прыгожых і цікавых рэчаў, на якія ў штодзённай беганіне ўвага не звяртаецца. У Радошыцах пры парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла пілігрымы расставілі на начлег намёты.
На наступны дзень пасля Імшы на палявым алтары пілігрымка вырушыла ў вёску Святая Анна. Санктуарый святой пры кляштары сясцёр дамініканак з кляўзурай стаў добрым месцам для таго, каб расставіць намёты на падрыхтаваным для пілігрымаў месцы. Гасціннасць сясцёр дамініканак дазволіла паспрабаваць кляштарную кухню і даведацца аб гісторыі гэтага месца.
Трынаццаты дзень быў апошнім для падарожжа і ўключаў прыезд у санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай. Прыезд быў момантам, напоўненым хваляваннем і ахвяраваннем інтэнцый, з якімі пілігрымы прыехалі да Маці Божай. Трэба дадаць, што пілігрымы ўсю дарогу маліліся ў інтэнцыях Касцёла ў Беларусі, салігорскай парафіі і ў справах, давераных ім рознымі людзьмі, якіх яны спаткалі на сваім шляху.
26 чэрвеня адбылася святая Імша беларускай групы перад цудадзейным абразом Маці Божай, якую ўзначаліў пробашч салігорскай парафіі і галоўны арганізатар пілігрымкі а. Сабеслаў Тамаля OFM. Затым пілігрымы мелі яшчэ палову дня для прабывання і малітвы ў святым месцы, пасля чаго скіраваліся на бацькаўшчыну. А. Рамуальд Касматовіч OFM