Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дождж не зламаў баявы дух удзельнікаў парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.07.2015 14:53

Ранішнія малітвы і святая Імша распачалі другі дзень VI Парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гаміліі кс. Юзаф Сярпейка зазначыў, што Бог кожнага з нас ведае па імені, з’яўляецца не толькі любячым Айцом, але і справядлівым.

З самай раніцы кожны з удзельнікаў ведаў, што змагацца на працягу дня прыйдзецца не толькі паміж сабой, але і з надвор'ем. Варта зазначыць, што дождж, які на працягу дня ішоў не адзін раз, не змог папсаваць настрой і баявы дух каталіцкай моладзі. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, усё ж удалося правесці запланаваныя спаборніцтвы і конкурсы.

Адбыліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы (бег на кароткую і доўгую дыстанцыю), гульні ў групах па міні-футболе і валейболе, гульня ў настольны тэніс. Таксама быў праведзены конкурс малюнка, які ў гэтым годзе быў на тэму “На Беларусі Бог жыве!”. Напрыканцы дня каманды прадставілі тэатральныя пастаноўкі.

У другі дзень парафіяду наведалі цікавыя госці, які з задавальненнем ацанілі гульню актораў, - завітала Мілана Малішэўская, намеснік дырэктара Моладзевай місіі “Чыстае сэрца”. Варта зазначыць, што менавіта Моладзевая місія з’яўляецца адным з галоўных спонсараў спаборніцтваў парафіяды.

Таксама парафіяду наведаў Юлій Мяцельскі, заснавальнік першай Школы дзіджэяў у Мінску. Арганізатары ўдзячныя гасцям за той час, які яны маглі правесці разам.

Нягледзячы на дождж, агонь парафіяды працягвае гарэць, а гэта значыць, што спаборніцтвы і конкурсы працягваюцца.

Кс. Юрый Санько (АлГ)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.