Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў Імшу з нагоды 72-й гадавіны мучаніцкай смерці айцоў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.07.2015 12:19

19 ліпеня ў Баравікоўшчыне біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка цэлебраваў святую Імшу з нагоды 72-й гадавіны мучаніцкай смерці душпастыраў парафіі ў Пяршаях, благаслаўлёных айцоў францішканцаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня.

Падчас Імшы біскуп адзначыў, што пяршайскія душпастыры “засталіся да канца са сваімі парафіянамі ў самыя крытычныя хвіліны іх жыцця”, “цвёрда вырашылі несці ім духоўную падтрымку ва ўмовах драматычнай сітуацыі, якая склалася тут, у Налібоцкай пушчы, падчас Другой сусветнай вайны”.

Іерарх прыгадаў трагічныя ліпеньскія дні 1943 года, каб вернікі лепей маглі зразумець ахвярнасць благаслаўлёных айцоў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня:

“У вялікім лясным масіве, які называецца Налібоцкай пушчай, падчас гітлераўскай акупацыі мелі свае базы шматтысячныя групы супраціву рознага падпарадкавання. Яны называлі сябе партызанамі. Гэта былі як вайсковыя асобы, якія аказаліся ў акружэнні ў 1941 годзе і не здолелі злучыцца з часткамі Чырвонай арміі, што адышла на ўсход, так і злучэнні, якія падпарадкоўваліся эміграцыйнаму польскаму ўраду ў Лондане. Гэта былі таксама групы яўрэйскай нацыянальнасці, якім удалося ўцячы з гетта. Сярод узброеных людзей было нямала і тых, хто хаваўся ў лясах ад гітлераўскай акупацыйнай улады па прычыне небяспекі вывазу на прымусовыя працы ў Германію альбо мабілізацыі ў нямецкае войска ці паліцыю. Людзі са зброяй у руках патрабавалі таксама і харчавання, якое, не заўсёды мірным шляхам, здабывалі ў жыхароў суседніх з пушчай вёсак.

Гітлераўцы, занепакоеныя такой шматтысячнай групоўкай узброеных людзей руху супраціву, знялі з усходняга фронту дывізію і пад кодавай назвай “Герман” распачалі летам 1943 года карную аперацыю з мэтай знішчэння вышэйназваных узброеных фармацый. Для пазбаўлення партызан харчавання быў рэалізаваны план знішчэння ўсіх населеных пунктаў не толькі ва ўсёй пушчы, але і ў пятнаццацікіламетровай зоне ад яе. Усіх насельнікаў высялялі спецыяльныя вайсковыя фармацыі, якія складаліся не толькі з немцаў. У іх склад уваходзілі таксама вайсковыя фарміраванні  ўласаўцаў, вайсковыя адзінкі з дывізіі “Галіччына” і іншыя. На паспешныя зборы нашым продкам, якія пражывалі на вышэйназваных тэрыторыях, далі тры дні. Пасля заканчэння акрэсленага тэрміну будынкі вяскоўцаў былі спалены, а саміх людзей гітлераўцы пешшу гналі разам з хатняй жывёлай і набыткам да бліжэйшых чыгуначных станцый. Там у няшчасных і безабаронных людзей адбіралі ўсю маёмасць, пасля чаго іх вывозілі на працы ў Германію альбо адпраўлялі ў лагер смерці Трасцянец каля Мінска. Тых, хто не пажадаў падпарадкавацца антычалавечаму загаду і заставаўся на месцы, адшуквалі  спецыяльныя каманды, якія з сабакамі прачэсвалі навакольныя лясы і бязлітасна расстрэльвалі ўсіх, каго знайшлі.

Такая карная акцыя працягвалася каля месяца. Невядома колькі загінула нашых продкаў ад куль карнікаў, ад голаду, хвароб, патанула ў багнах і пры перамяшчэннях у вызначаныя месцы, далёкія ад тых мясцовасцяў, дзе яны нарадзіліся, жылі і дзе засталіся могілкі іх родных і блізкіх. Вернікам немагчыма было памаліцца ў сваіх парафіяльных касцёлах, бо святыні таксама былі спалены. Людзей ніхто не суцяшаў.

Але да лёсу сваіх парафіян неабыякава аднесліся айцы францішканцы – пробашч і вікарый пяршайскай парафіі, благаслаўлёныя Ахілес Пухала і Герман Стэмпень. Ім гітлераўцы дазволілі застацца, аднак яны добраахвотна далучыліся да групы парафіянаў, якія ў роспачы, без сродкаў на існаванне, пакідалі родныя мясціны і пад дуламі аўтаматаў накіроўваліся ў нязнанае.

Айцы Божым словам, сваёй прысутнасцю, духоўнымі разважаннямі і сакрамэнтальнай паслугай споведзі спадарожнічалі вернікам. Такім чынам яны змяншалі чалавечы боль, адчай ад няўпэўненасці ў заўтрашнім дні і спрыялі таму, каб людзі не праяўлялі злосці і агрэсіі да карнікаў. У такіх надзвычайных умовах святары стараліся ўмацаваць у сэрцах людзей надзею”.

Аднак, дадаў біскуп Антоні Дзям’янка, пасля 10 – 15 кіламетраў супольнага шляху карнікі адлучылі святароў у вёсцы  Баравікоўшчыне, адвялі ў забудову, збілі, затым расстралялі і спалілі целы ў драўляным будынку. Праз некалькі дзен людзі, якія выжылі ў лясах падчас карных аперацый, адшукалі на папялішчы рэшткі пастыраў і захавалі іх пры касцёле ў Пяршаях, а на хвалях перабудовы вернікі Пяршаяў аднавілі магілку сваіх дабрадзеяў.

13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ далучыў айцоў Ахілеса Пухалу і Германа Стэмпеня да ліку благаслаўлёных у групе 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў увагу, што на абразах, змешчаных у касцёле св. Міхала ў Івянцы, у пяршайскім касцёле, гэтыя благаслаўлёныя прадстаўлены як “тыя, якія засланяюць ад небяспекі безабаронных дзяцей, удоваў і сірот ад гвалту з боку акупантаў”. “Гэта перш за ўсё духоўная абарона і адказнасць за пакінутых. Яны былі рукамі Божай апекі над тымі асобамі, якія апынуліся ў вялікай небяспецы. Адказнасць бл. Ахілеса і Германа за давераны люд наводзіць нас на роздум аб адказнасці ў сям’і бацькі і мужа ў сучасных умовах. Якая гэта адказнасць і які прыклад даюць благаслаўлёныя для бацькі, мужа?” – дадаў пінскі ардынарый.

Іерарх заахвоціў таксама на гэтым месцы, дзе пралілася мучаніцкая кроў айцоў Ахілеса і Германа, якія спадарожнічалі да канца сваім вернікам, разам паразважаць аб мужчынскай адказнасці, бо “праблемай сучаснага свету стала адсутнасць пачуцця адказнасці сярод мужчын”. “Сапраўдны мужчына адважны. Быць мужчынам трэба ад нараджэння. Быць мужчынам – гэта жыццёвы выбар”, - падкрэсліў біскуп.  

Іерарх нагадаў таксама, што вучням Хрыста, якія прысвяцілі Яму жыццё, варта задумацца: “Наколькі мы выкарыстоўваем свае сілы, каб выканаць Божыя пажаданні адносна гэтага свету? Ці мы ўвогуле ведаем, чаго жадае ад нас Пан?”

“Бог патрабуе ад бацькі, каб ён быў адважным у тым, што робіць, каб ён актыўна ўключыўся ў жыццё сваіх дзяцей. Гэта нашмат больш, чым быць з імі і матэрыяльна іх утрымліваць. Бацька павінен крочыць з дзецьмі па жыцці і быць для іх бачным вобразам Бога – Айца ў небе. Бацька павінен любіць сваіх дзяцей і імкнуцца авалодаць іх сэрцамі. Павінен ахоўваць іх і ўтрымліваць дысцыпліну, вучыць веры ў Бога. Павінен вучыць іх жыць справядліва”, - адзначыў біскуп.

“Благаслаўлёныя мучанікі з Пяршаяў, айцы Ахілес Пухала і Герман Стэмпень, дапамажыце нам, а асабліва бацькам і мужам у сем’ях, не змарнаваць той духоўнай спадчыны, за якую мы абавязаны вам! Дапамажыце нам быць адказнымі за іншага чалавека, за мужа, за жонку і за дзяцей! Дапамажыце нам вытрываць пры крыжы Пана нашага Езуса Хрыста!” – такімі словамі пінскі ардынарый завяршыў сваю гамілію.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.