Ва Уздзе адбыўся фестываль “Свята сям’і, любові і вернасці” |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
20.07.2015 11:41 |
18 ліпеня сем’і руху “Equipes Notre Dame” разам з пробашчам уздзенскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа айцом Дзянісам Шастаковічам MSF і Кангрэгацыяй Місіянераў Святой Сям’і запрасілі ўсіх жадаючых ва Узду на фестываль “Свята сям’і, любові і вернасці”.
Фестываль пачаўся з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. У цішыні сэрца ўдзельнікі дзякавалі Богу за апеку над сем’ямі і давяралі свае просьбы.
Кульмінацыяй свята стала святая Імша, якую разам з духоўным дарадцам руху “Equipes Notre Dame” кс. Андрэем Сіповічам цэлебравалі святары-дарадцы парафіяльных суполак руху з Ганцавіч, Клецка, Фаніпаля, Новай Мышы і Лагойска. Літургію ўпрыгожвалі сваім служэннем сужэнскія пары, якія выконвалі чытанні, спеў і ўдзельнічалі ў працэсіі з дарамі.
Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі свята перамясціліся да сцэны, дзе адбылася афіцыйная частка – узнагароджванне сужэнцаў-юбіляраў, расповед пра рух “Equipes Notre Dame” і пра служэнне Касцёла сем’ям. Сужэнствы і сем’і з дзецьмі падрыхтавалі канцэрт, падчас якога многія ўдзельнікі не маглі ўтрымацца на месцы і зрываліся ў вясёлы танец.
Свята скончылася супольным абедам і танцамі. Раз’язджацца сабраным не хацелася, бо быць сям’ёю разам, з адзінадумцамі і вакол Езуса – для іх невымоўная асалода.
(AG)
|
Фотарэпартаж |