З 20 ліпеня ў Івянцы праходзіла ХІІІ Музычная майстэрня, якая сабрала больш за 250 удзельнікаў з розных месцаў Беларусі. «Музычная майстэрня» ў Івянцы з кожным годам прыцягвае маладых і здольных людзей, для якіх музыка — неад’емная частка жыцця.
У ёй прыняло ўдзел і шмат сясцёр законных з розных супольнасцяў, якія, прывёзшы ў Івянец сваю моладзь, таксама актыўна ўключыліся ў працу «майстэрні».
Для многіх з іх спеў — адначасова і малітва, бо, як кажуць, хто спявае — той моліцца двойчы. Спеў — гэта таксама спосаб упрыгожыць уласнае жыццё і жыццё іншых. Нездарма кажуць, што спеў радуе сэрцы людзей, аб’ядноўвае іх у адно.
На «Музычнай майстэрні» традыцыйна можна было сустрэць Яна Паспяшальскага з Варшавы, які кожны год наведвае гэтае мерапрыемства. Ян Паспяшальскі — польскі музыка, кампазітар, публіцыст, аўтар радыё- і тэлепраграм. Вельмі цяжка было б уявіць «майстэрню» без Соф’і Баркоўскай, нязменнага дырыжора, якая ад самага пачатку ажыўляе сустрэчы.
У гэтым годзе новым пунктам праграмы дня была падрыхтоўка да літургіі з керыгматычнымі катэхезамі, якія праводзіў а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC — духоўны айцец сустрэчы. Праз катэхезы моладзь рыхтавалася да кульмінацыйнага пункта кожнага дня — святой Імшы.
ХІІІ Музычная майстэрня ўжо становіцца фактам, апошнія практычныя парады, апошнія рэпетыцыі, аднак маладыя людзі маюць вялікае жаданне застацца ў Івянцы далей, каб зноў перажыць вялікае свята каталіцкай моладзі, якая ўжо пачынае з'язджацца ў Івянец. Спевы і музыка ўжо сёння вечарам вельмі моцна загучаць у Івянцы!
Кс. Юрый Марціновіч
|