Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь парафіі ў Нясвіжы адпачыла на беразе Нёмана
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.08.2015 10:09

З 30 ліпеня па 1 жніўня моладзь парафіі Божага Цела ў Нясвіжы разам з пробашчам кс. Пятром, сёстрамі Галінай і Янінай пабывала на беразе Нёмана з палаткамі, каб адпачыць і паразважаць над сваім жыццём.

Пачаткам адпачынку стала святая Імша ў нясвіжскім касцёле, падчас якой моладзь пачула прыпавесць пра Валадарства Нябеснае, з якой можна было шмат узяць для разважання на гэтыя дні.

Час адпачынку быў для ўдзельнікаў плённым і насычаным. Недалёка ад Нёмана цэлебравалася святая Імша, пасля якой была магчымасць сцішыцца, прагуляцца ўздоўж берага і паразважаць над пачутым Божым словам, над сваім жыццём, а жадаючыя маглі прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Таксама ў моладзі была магчымасць паразмаўляць з сёстрамі законнымі альбо са святаром і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.

Пры вогнішчы кс. Пётр прамовіў канферэнцыю на тэму Эўхарыстыі. Асаблівая ўвага была звернута на эўхарыстычныя цуды. Моладзь пачула пра перамяненне ў Сакулцы (Польшча), даведаліся пра жыццё і смерць святога Крыштафа.

Акрамя таго, моладзь мела магчымасць наведаць касцёл святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані, пабудаваны ў 1588 годзе архітэктарам Янам Марыяй Бернардоні, а таксама памаліцца перад рэліквіямі св. Фаўстыны Кавальскай.

Падчас адпачынку кожны меў занятак для сябе: хтосьці мог пагуляць у футбол, палавіць рыбу, пагуляць у цікавыя гульні. За гэты час можна было крыху адпачыць і змяніць свае погляды на жыццё.

Паводле niasvizh-kasciol.by

(AG)

 

 

Фота niasvizh-kasciol.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.