Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У свята Перамянення Пана Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Негарэлым (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.08.2015 20:24

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Перамянення Пана ў Негарэлым, падчас якой удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

Найперш іерарх павіншаваў пробашча кс. Дзяніса Шастаковіча і парафіян з паспяховай будовай новага касцёла і выказаў надзею, што яна хутка завяршыцца і новы дом малітвы будзе асвечаны.

У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля аб перамяненні Езуса Хрыста на гары Табор, арцыпастыр падкрэсліў значэнне некаторых элементаў евангельскага аповеду аб гэтым здарэнні.

Па-першае, адзначыў Мітрапаліт, Езус перамяніўся перад апосталамі Пятром, Янам і Якубам, каб адкрыць ім частку неба, паказаць, якім Ён на самой справе ёсць у Нябесным Валадарстве. Гэта, дадаў арцыбіскуп, было вельмі важна з таго пункту гледжання, што Езус рыхтаваў іх да сваёй крыжовай мукі і смерці; таму Ён хацеў умацаваць іх веру ў Яго як Сына Божага і ў тое, што цярпенні гэтага часу непараўнальныя з нябеснай славай.

Таксама, як адзначыў іерарх, апосталам падчас перамянення Хрыста было так добра, што Пётр прапанаваў збудаваць тры шатры – для Езуса, Майсея і Іллі, з якімі размаўляў Езус. “Апосталам было добра, і чалавеку таксама добра, калі ён мае месца спаткання з Богам, а менавіта касцёл. Будова касцёла ў Негарэлым завяршаецца, і таму нам таксама добра”, - сказаў арцыпастыр.

І нарэшце, нагадаў Мітрапаліт, падчас сцэны перамянення Езуса з неба раздаўся голас Нябеснага Айца, які сказаў, што Езус – гэта Яго ўмілаваны Сын, якога неабходна слухаць: гэта было не што іншае, як пацвярджэнне таго, што Езус - Уцелаўлёны Сын Божы і што Яго неабходна слухаць.

“Слухаць Езуса азначае жыць паводле Ягонага вучэння, што заўсёды было вялікай праблемай і ёю застаецца ў наш час, - заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. - Чалавек замест таго, каб імкнуцца да Бога, на жаль, адварочваецца ад Яго. Замест таго, каб чыніць дабро, ён чыніць зло, хаця і ведае, што гэта блага. У вырашэнні праблем ён больш давярае сабе, чым Богу, і спадзяецца толькі на свае сілы. Ён ужо не аднойчы ўпэўніўся, што без Бога не да парога, аднак ізноў наступае на тыя ж самыя граблі”.


“Ці можа ён жыць іначай? Гэтае пытанне мы задаём сабе сёння. Можа, - падкрэсліў іерарх. - Аб гэтым сведчаць гісторыі шматлікіх святых, якія былі грэшнікамі, але навярнуліся і вялі годнае неба жыццё”.

Навярнуліся – азначае, па словах Мітрапаліта, перамяніліся, і свята Перамянення Пана “заклікае нас да нашага асабістага перамянення”. Дапамогай на гэтым шляху, дадаў арцыпастыр, з’яўляецца сакрамэнт канфірмацыі. “Падобна як спасланне Святога Духа падчас Пяцідзясятніцы перамяніла апосталаў, таксама і сёння Дух Святы перамяняе нас, з баязлівых і інэртных чыніць адважнымі і дынамічнымі”, - сказаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт пажадаў прымаючым сакрамэнт канфірмацыі адкрыцца на дзеянне Святога Духа і выкарыстоўваць Яго дары, каб самім перамяніцца і перамяняць свет.

(DN), (AG)

фота Яўгенія Шаблакова 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.