Айцы дамінікане былі запрошаны ў Ракаў князем Геранімам Сангушкам і Канстанцыяй з Сапегаў і распачалі тут сваю працу ў 1679 г. Неаднойчы за сваю гісторыю ракаўская святыня разбуралася і адбудоўвалася, аднак сёння ракаўчане маюць магчымасць маліцца праз заступніцтва свайго апекуна ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка).
Асаблівым чынам маліліся ў парафіі 8 жніўня, калі Каталіцкі Касцёл узгадваў святога Дамініка.
У ракаўскую святыню, нягледзячы на спёку, завітала шмат гасцей з розных куткоў Беларусі: ксёндз Раман з Віцебскай дыяцэзіі, айцец Аляксандр з Радашковіч, ксёндз Валянцін з Волмы, айцец Пётр з Заслаўя, браты францішканцы Павел і Віктар, прадстаўнікі “Легіёну Марыі” з Мінска і іншыя.
Акрамя малітвы, святары разам з парафіянамі разважалі пра лёс святога Дамініка, які адмовіўся ад жыццёвых выгод дзеля таго, каб несці Божае слова людзям, пра Божую мудрасць, якую кожны ахрышчаны мусіць несці ў свет, як рабіў гэта восем стагоддзяў таму святы Дамінік.
“Вельмі важна сёння, калі на чалавека веруючага дзейнічае пастаянны ціск, што адцягвае яго ад Бога, адрозніваць мудрасць Божую ад мудрасці чалавечай, – падкрэсліў у гаміліі айцец Аляксандр. – Спазнаваць Бога – значыць набліжацца да Яго”.
Пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Барыла падзякаваў гасцям свята, а таксама ўсім, хто рыхтаваў яго, і запрасіў далучыцца да святой Імшы 9 жніўня, падчас якой, у сваю чаргу, адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўрачыстая працэсія вакол касцёла.
Таццяна Сівец
|