Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чатыры запаветы св. Дамініка — супольнасць, сведчанне, пошук мудрасці і клопат пра душу — згадалі ў Магілёве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
10.08.2015 15:43 |
9 жніўня ў капліцы на польскіх могілках ў парафіі Св. Казіміра і св. Ядзвігі ў Магілёве айцы дамінікане святкавалі ўрачыстасць св. Дамініка. Перад святой Імшой адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама малітва на ружанцы.
Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі біскуп звярнуў увагу на апошнія словы, якія перад смерцю сказаў св. Дамінік сваім братам. Гэта былі чатыры вельмі істотныя ў дамініканскім харызмаце паняцці: супольнасць, сведчанне, пошук мудрасці і клопат пра душу. Супольнасць Касцёла — гэта асяродак, у якім мы маем магчымасць узрастаць. Як адзначыў біскуп, пачынаючы ад Адама і Евы, якія ўтваралі першую супольнасць, і прыклад Выбранага народа, які быў вызвалены з егіпецкай няволі ў Старым Запавеце, і да слоў Хрыста ў Новым Запавеце, які вучыць, што Ён з’яўляецца вінаграднай лазой, а мы — галінкамі, трэба шукаць Бога ў Касцёле, якім ёсць супольнасць, закладзеная Езусам. Сведчанне з’яўляецца самым каштоўным. Паводле слоў лацінскага выказвання, «словы вучаць, а прыклад паказвае». Пошук мудрасці спалучаецца ў жывым кантакце з Божым словам. Біскуп прапанаваў падумаць: ці памятаем мы пытанні, якія чуем, будучы ў касцёле? Ці памятаем словы святара і ці дазваляем ім дзейнічаць у нас на працягу тыдня? Пра гэта прапанаваў падумаць прысутным біскуп Аляксандр Яшэўcкі, каментуючы пытанне пра пошук мудрасці. Клопат пра душу. Біскуп прывёў прыклад адной маці з Масквы, якой сын забараніў размаўляць з унукамі пра Бога. Будучы паслухмянай загаду сына, яна не размаўляла з унукамі, аднак калі сына і яго жонкі не было, жанчына гучна малілася і гучна чытала Святое Пісанне, словы якога даляталі да вушэй яе ўнукаў і западалі ім у сэрца, фармуючы іх постаці паводле Бога і людзей. Біскуп дадаў, што, як святы Дамінік наказаў сваім братам паглыбляць місію евангелізацыі ў гэтых чатырох аспектах, так і кожны дамініканін, а таксама кожная свецкая асоба, запрошаны да рэалізацыі той універсальнай спадчыны, якая засталася ад заснавальніка дамініканскага ордэна. У апошніх словах гаміліі біскуп заахвоціў вернікаў удзельнічаць у евангелізацыі, прыгледзіцца, прынамсі ў той парафіі, дзе працуюць дамінікане, да паклікання дамініканскіх тэрцыярыяў, якія, «як знічы, удзельнічаюць у місіі абвяшчальнікаў Божага слова». Была асвечана фігурка св. Дамініка, якую змясцілі ў адмыслова падрыхтаваным для гэтага месцы. Таксама адбыўся кароткі канцэрт моладзевага гурта з магілёўскай катэдры, пасля якога парафіяльная рада запрасіла ўсіх прысутных на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім на салодкі пачастунак. Сярод гасцей на парафіяльнай урачыстасці былі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, сёстры дамініканкі з Бабруйска, тэрцыярыі з Мінска і Віцебска, шмат гасцей з магілёўскіх парафій, малады дамініканін з дамініканскага калегіўма ў Кракаве (Польшча). Адбылася таксама прэм'ера песні пра св. Дамініка, якую спецыяльна да ўрачыстасці напісала арганістка парафіі. Апрацаваў а. Раман Шульц OР, (ils) Фота з архіва парафіі.
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.