15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбыўся парафіяльны фэст у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Магілёва. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.
На супольную малітву сабраліся святары і вернікі з Магілёва, Крычава, Чавусаў, Горак, Бабруйска, Мсціслаўля і іншых мясцін рэгіёна.
На пачатку Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў асаблівае заступніцтва Багародзіцы над магілёўскай святыняй, якая ў свой час была катэдрай самай вялікай дыяцэзіі ў свеце. “Гэтая асаблівая апека Дзевы Марыі Унебаўзятай сімвалічна выражаецца і ў галоўным алтары, і ў роспісе купала нашай катэдры”, – заўважыў іерарх. У гаміліі біскуп звярнуў увагу на неабходнасць браць прыклад з Марыі як узору пацвярджэння жыццём веры і поўнага аддання Богу. “Маці Божая няшмат гаварыла, але жыццём сведчыла аб тым, як трэба перамагаць цяжар штодзённасці, як давяраць Богу і заўжды заставацца вернай Слугой Пана”, – падкрэсліў біскуп. Таксама, падзяліўшы жыццё Панны Марыі на тры этапы - таямніцу Уцелаўлення, містэрыум Пасхі, спасланне Духа Святога, - іерарх заахвоціў перамяняць сваё жыццё, каб заўсёды выконваць Божую волю, прымаць свой крыж як неабходнасць для збаўлення і быць адкрытымі на дзеянне Духа Святога, каб словы, думкі і ўчынкі былі напоўнены Богам. Падчас Эўхарыстыі адбылася таксама працэсія з дарамі. Вернікі Магілёва прынеслі ў працэсіі да алтара свечку і стулу – сімвал ахвяры святой Імшы ў гонар Найсвяцейшай Дзевы, просячы матчынай апекі Багародзіцы, каб Яна паказвала дарогу да Айца Нябеснага і дапамагала не збіцца з праўдзівай дарогі. Пасля дзеці прынеслі ружанец як сімвал трывалай малітвы, да якой заклікала Найсвяцейшая Панна. Таксама вернікі прынеслі да алтара плён зямлі гэтага года, просячы, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзятай Айцец Нябесны шчодра благаславіў працу людзей, сады і агароды.
На заканчэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаў сабраным падзяку за супольную малітву, прысутнасць і заклікаў не баяцца сведчыць аб Хрысце. Асаблівым чынам іерарх падзякаваў кс. Паўлу Беразуну за падрыхтоўку парафіяльнага свята, а таксама падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі і ўпрыгожванні фэсту. Таксама адбылася эўхарыстычная працэсія вакол святыні і благаслаўленне ўраджаю гэтага года: збожжа, садавіны і гародніны. Благаслаўляючы вернікаў падчас працэсіі на выхад, біскуп Аляксандр Яшэўскі віншаваў усіх з гэтай урачыстасцю, а вернікі ў адказ віншавалі іерарха.
Паводле mohylev-katolik.by (AG) Фота mohylev-katolik.by
|