Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фэст святога Роха прайшоў у Волме
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.08.2015 11:17
16 жніўня ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў в. Волма Дзяржынскага раёна адзначылі традыцыйны фэст у гонар святога Роха. 

У даўнім, разбураным касцёле знаходзіўся алтар з абразом гэтага святога. Вернікі з акругі пілігрымавалі, каб памаліцца аб заступніцтве святога Роха, які ў Касцёле лічыцца абаронцам ад чумы і апекуном жывёл. Молячыся каля алтара, давяраючы свае клопаты і хваробы Богу, людзі атрымоўвалі тое, аб чым прасілі — так абраз сталі называць цудатворным.
 
 
Калі савецкія ўлады бурылі касцёл, вернікі змаглі ўратаваць гэты абраз, і калі парафія ў 1990-я адраджалася, з'явілася прыгожая традыцыя: абраз прыносяць у працэсіі з дома, дзе ён захоўваецца, у касцёл.

Таксама і ў гэтым годзе многія вернікі прыехалі, каб прасіць святога Роха аб заступніцтве. 

Святую Імшу цэлебраваў пробашч парафіі кс. Валянцін Станкевіч. Цудоўны спеў, засяроджаная малітва, жывое Божае слова — усё спрыяла таму, каб людскія душы адпачылі ў прысутнасці Бога і войска Ягоных анёлаў і святых. Пасля Імшы людзі прайшлі разам з Езусам, укрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, працэсіяй вакол касцёла. Атрымаўшы благаслаўленне і падзякаваўшы Богу гімнам «Te Deum», вернікі адправіліся на традыцыйны «паклон святому Роху» — прайсці на каленях пад абразом.
 
Радасны людскі гоман каля касцёла на Валмянскай горцы гучаў яшчэ доўга, бо вернікам не хацелася з’язджаць з гэтага намоленага вякамі месца.

Яўген Шаблакоў, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.