Вернікі з Беразінскага здзейснілі пілігрымку ў касцёл св. Роха ў Палачанах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
18.08.2015 10:46 |
16 жніўня з парафіі Божага Цела ў Беразінскім (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) упершыню вырушыла пешая пілігрымка ў касцёл св. Роха ў Палачанах. Удзельнікі жадалі праз заступніцтва святога Роха выпрасіць апекі ад хваробаў, асабліва ад «хваробы» граху.
Кожны выйшаў не адзін, але сімвалічна «беручы» з сабою тых людзей, якія сэрцам прагнулі пілігрымаваць разам, але фізічна не мелі сіл.
Пілігрымка пачалася благаслаўленнем ксяндза-пробашча, каб дарога была шчаслівай, а пілігрымаванне прынесла добрыя плёны. Падчас вандравання пілігрымы пазнаёміліся з біяграфіяй св. Роха, што не магло не закрануць сэрцы і не распаліць прагненне яшчэ больш давяраць Богу, яшчэ больш злучыцца з Ім. 
Каля святыні ў Палачанах пілігрымаў радасна прывіталі парафіяне разам з пробашчам.
У гэты святочны дзень у палачанскім касцёле кожны з прысутных мог быць побач з Хрыстом і атрымаць поўны адпуст.
Андрэй Бурак (AG)
|