Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Бялынічах адбылося грамадскае абмеркаванне лёсу былых каталіцкіх могілак
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.08.2015 14:29

20 жніўня ў Бялынічах адбылося грамадскае абмеркаванне наконт пытання далейшага лёсу каталіцкіх могілак XVIII-XIX стст., на месцы якіх запланавана будаўніцтва крамы.

Прадстаўнікі мясцовай улады – намеснік старшыні бялыніцкага райвыканкама Дзмітрый Давыдаў і кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава – адзначылі, што на дадзены момант будаўніцтва на месцы могілак спынена, спецыялістамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі праводзяцца археалагічныя даследванні, згодна з вынікамі якіх будзе бачна, дзе знаходзяцца пахаванні, якія былі ў савецкія часы зруйнаваны. Таксама Ірына Фурсава праінфармавала аб адмоўным адказе Міністэрства культуры на запыт мясцовых уладаў «Ці з’яўляюцца дадзеныя могілкі гісторыка-культурнай каштоўнасцю?».
 
Дзмітрый Давыдаў паведаміў, што будзе зроблена ўсё неабходнае, каб з пашанай аднесціся да парэшткаў пахаваных: запрасіць дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыацэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB у выніку неабходнасці для годнага перазахавання парэшткаў пахаваных паводле рыма-каталіцкага абраду, што стане добрым прыкладам выхавання патрыятызму ў моладзі.
 
Археолагі, са свайго боку, усталявалі факт існавання могілак, аргументаваўшы гэта знойдзенымі за першы дзень раскопак часткамі чалавечых парэшткаў, часткамі керамікі, а таксама зрабілі знутры фота склепа, які мае месца быць ля мяжы тэрыторыі будаўніцтва. Цяпер перад гісторыкамі паўстае велізарны пласт працы па вызначэнні пахаванняў, не вынішчаных у пасляваенныя часы савецкімі будаўнікамі, каб будаўніцтва не ішло на месцы чалавечых костак.
 
Вернікі выслухалі прадстаўнікоў улады і выказалі сваю пазіцыю, што, нягледзячы ні на што, неабходна часцей сустракацца, каб у ходзе размовы знаходзіць годнае для ўсіх бакоў рашэнне. Была выказана прапанова зрабіць на месцы пахавальнага каменя-валуна сярэдзіны ХІХ ст., якое не ўваходзіць у план забудовы, месца памяці і ўшанавання пахаваных былых жыхароў Бялыніч, на што ўлады адрэагавалі пазітыўна. У дадатак вернікі як грамадзяне і прадстаўнікі адной з пяці традыцыйных канфесій нагадалі пра штогадовы фэст парафіі Маці Божай Бялыніцкай і запрасілі прадстаўнікоў улады на свята, якое адбудзецца 20 верасня.
 
Таксама было абмеркавана пытанне аб былым каталіцкім кляштары ў Бялынічах, зруйнаваным савецкай уладай, які раней, у 1878 г., быў перададзены Праваслаўнай Царкве і адабраны ў пачатку 1930-х гг. Існаванне падземных хадоў пад кляштарам памятаюць жывыя сведкі, адзначаючы, што магчыма там знаходзіцца арыгінал абраза Маці Божай Бялыніцкай, спасылаючыся на версію, што апошні пробашч ксёндз Люцыян Гадлеўскі аддаў праваслаўным вернікам копію абраза, захаваўшы тым самым арыгінал ад знікнення летам 1941 г. з Магілёўскага музея, дзе захоўвалі адабраны ў праваслаўных вернікаў Бялыніч абраз Маці Божай.
 
Археалагічныя раскопкі працягнуцца яшчэ дзевяць дзён. Працаўнікі суседніх малых прадпрыемстваў паведамілі адрас аднаго з бялынічан, які валодае некаторай інфармацыяй пра склепы і могілкі ў дадзеным месцы. Відавочна, што пытанне будзе вырашацца па меры вынікаў працы спецыялістаў-археолагаў і стасункаў паміж прадстаўнікамі грамадства і ўладаў.

Паводле mohylev-katolik.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.