Побач з Нябеснай Маці: рэкалекцыі для дзяцей і моладзі вілейскай парафіі прайшлі ў Будславе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.08.2015 17:19 |
На перадапошнім тыдні жніўня адбыліся рэкалекцыі для дзяцей і моладзі вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа перад новым навучальным годам. Ужо дзявяты год гэтыя рэкалекцыі праходзяць у Будславе побач з Маці Божай Будслаўскай. На працягу ўсяго навучальнага года дзеці і моладзь парафіі чакаюць канца жніўня, каб цэлы тыдзень правесці побач з Маці Божай у цудатворным абразе і Яе Сынам. У гэтым годзе ў рэкалекцыях прынялі ўдзел 57 чалавек ад 7 да 17 гадоў.
Падчас святых Імшаў, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітвы на ружанцы, Крыжовага шляху і Нешпараў у гонар Маці Божай дзеці і моладзь вучыліся размаўляць з Богам і быць Яго маладымі сябрамі. Будслаўскія рэкалекцыі сталі для дзяцей і моладзі вілейскай парафіі часам сустрэчы з Богам і Божай Маці ў шматлікіх малітвах на працягу дня і часам сустрэчы адзін з адным падчас разнастайных мерапрыемстваў. Удзельнікі мелі магчымасць развіваць свае таленты падчас майстэрняў спеваў, танцаў і тэатральных пастановак, якія праводзілі старэйшыя з іх. Падчас апошняга вечару «У гасцях у казкі» кожная група, на якія былі падзелены ўдзельнікі, прадставіла тэатральную пастаноўку па сцэнарыю казкі. Дзеці і моладзь прынялі таксама ўдзел у казачнай эстафеце і спартыўным спаборніцтве «Вышэй. Хутчэй. Далей», падчас якіх развіваліся фізічна і вучыліся справядліва спаборнічаць. Чацвер на будслаўскіх рэкалекцыях вілейскай парафіі ўжо традыцыйна з’яўляецца днём сустрэчы выпускнікоў. У гэты дзень у Будславе збіраюцца ўсе тыя, хто раней неаднаразова ўдзельнічаў у гэтых рэкалекцыях. Некаторыя з іх ужо стварылі свае сем’і і прыязджаюць да Маці Божай са сваімі дзецьмі. Сёлета на працягу чатырох дзён удзельнікі рэкалекцый рыхтавалі канцэрт, які прадставілі выпускнікам у чацвер вечарам. Рэкалекцыі скончыліся малітвай падзякі ў суботу і просьбай Божага благаслаўлення на далейшую працу над сабой і ўзрастанне ў Божай любові. Кацярына Дурко, Дзмітрый Тумаш |
Фотарэпартаж |