Рэкалекцыі на байдарках, прысвечаныя малітве аб распазнанні паклікання да кансэкраванага жыцця, пачаліся святой Імшой у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.
Пасля атрыманага благаслаўлення і кароткіх збораў удзельнікі рэкалекцый вырушылі да месца, дзе іх чакаў цікавы і вельмі складаны шлях, – у в. Сваткі. Там для іх былі падрыхтаваны байдаркі.
На працягу дня ўдзельнікі рэкалекцый мелі шмат часу для таго, каб асабіста паразважаць над тэмай паклікання. Разабрацца ў тым, як жывуць кансэкраваныя асобы, дапамагалі прадстаўнікі трох законных супольнасцяў. За тры дні рэкалекцый было запланавана разгледзець і бліжэй пазнаёміцца з цнотамі, згодна з якімі жыве кожная кансэкраваная асоба, а менавіта чыстасцю, убоствам і паслухмянасцю. Дапамаглі ў гэтым а. Арыуш OFM Cap з Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў, с. Ірэна з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў і а. Юрый OCD з Ордэну Кармэлітаў Босых. Таксама кожны дзень удзельнікі рэкалекцый разважалі над Божым словам, у чым дапамагаў кс. Андрэй Калядка, вікарый парафіі Божага Цела ў Нясвіжы. Удзельнікам быў прапанаваны ўрывак, які распавядае аб пакліканні св. Паўла (Дз 9, 1-31).
У першы дзень маршрут пралягаў ад в. Сваткі да в. Вузла па рацэ Вузлянка. Пасля таго, як удзельнікі прыбылі на месца і расставілі намёты, была праведзена першая канферэнцыя на тэму чысціні. У ёй а. Арыуш OFM Cap распавёў аб тым, што такое чыстасць. Асаблівым чынам айцец звярнуў увагу на тое, што чыстасць – гэта маральная цнота, Божы дар, ласка і плён Духа Святога.
Таксама адзначалася, што ўсе, хто наследуе Хрыста, узор чыстасці, пакліканы жыць у чыстасці адпаведна ўласнаму жыццёваму стану: адны – жывучы ў дзявоцтве ці ў кансэкраваным цэлібаце, якія даюць магчымасць найбольш лёгкага прысвячэння сябе Богу непадзельным сэрцам; іншыя, жывучы ў сужэнстве, ажыццяўляюць сужэнскую чыстасць; нежанатыя і незамужнія практыкуюць чыстасць ва ўстрыманні.
На другі дзень, тэмай якога было ўбоства, пасля вельмі складанага маршруту, які пралягаў ад в. Вузла да в. Каралеўцы, да ўдзельнікаў рэкалекцый прыехала с. Ірэна. Законніца распавяла аб тым, што Езус Хрыстус паказаў сапраўдны прыклад убоства, хоць Ён і мог нарадзіцца ў багатым палацы, аднак прыйшоў у гэты свет, нарадзіўшыся ў звычайнай стайні. Таксама сястра падзялілася з удзельнікамі тым, як у яе супольнасці рэалізуецца цнота ўбоства.
Трэці і апошні дзень рэкалекцый, які павінен быў скончыцца ў в. Заброддзе, сустрэла дрэннае надвор’е. Аднак гэта не перашкодзіла ўдзельнікам выслухаць апошнюю канферэнцыю на тэму паслухмянасці. Пасля невялікага абмеркавання было вырашана скончыць рэкалекцыі ў Вілейцы. Калі ўдзельнікі прыбылі ў касцёл, пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту пачалася святая Імша, якую ўзначаліў арганізатар рэкалекцый – вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Юзаф Сярпейка.
Пасля Імшы ў парафіяльным доме адбылася трэцяя і апошняя канферэнцыя. У ёй а. Юрый OCD даў адказ на пытанне, якое турбуе многіх людзей: «Навошта патрэбна пакора?» Даючы адказ, айцец прыгадаў словы са Святога Пісання: «Таму яшчэ большую дае ласку, паколькі кажа: “Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку”. Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас» (Як 4, 6-7).
Падводзячы вынікі рэкалекцый, можна зрабіць выснову, што шмат маладых людзей жадае ісці за Езусам, таму трэба нястомна маліцца аб тым, каб маладыя і гарачыя сэрцы адгукнуліся на заклік Хрыста: «Ідзі за Мною!»
Раман Страшко
|