8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.
У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што мы кожны год святкуем свой дзень нараджэння, і гэта дзень, калі «дзякуючы Божаму дару жыцця мы пачалі нашу жыццёвую вандроўку па гэтай зямлі, каб дасягнуць порту нашага прызначэння – неба». Таксама, дадаў іерарх, мы ўспамінаем дні нараджэння нашых бацькоў, сяброў і славутых людзей, асабліва іх юбілеі: напрыклад, зусім нядаўна адзначаўся юбілей 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско, які «апрацаваў актуальную і ў наш час прэвентыўную сістэму выхавання моладзі».
«Сёння мы адзначаем дзень нараджэння Марыі, як Маці Збаўцы. Касцёл памятае гэты дзень, бо ён стаўся прадвеснікам прыйсця Збаўцы. Мы добра ведаем, што перад узыходам сонца на небасхіле з’яўляецца ранішняя зорка, як знак таго, што завяршаецца ноч і хутка ўзыдзе сонца і настане дзень. Такой ранішняй зоркай падчас ночы чакання Збаўцы стала Марыя, – сказаў Мітрапаліт. – Яна была выбрана Богам, каб стаць Маці Збаўцы, і таму Яе нараджэнне стала звеставаннем нараджэння Збаўцы».
«Сёння Касцёл адзначае Яе дзень нараджэння, бо на свет прыйшла тая, якая згадзілася з Божай воляй, што стала пачаткам ажыццяўлення Божага плану збаўлення. Менавіта таму Марыю называюць другой Евай. Калі наша першая маці Ева не згадзілася з Божай воляй, то Марыя яе прыняла», – патлумачыў арцыпастыр.
Мітрапаліт дадаў, што, святкуючы нараджэнне Маці Збаўцы, неабходна звярнуць увагу і на яшчэ адзін аспект Яе жыцця: будучы слугой Бога, Яна таксама засталася слугой бліжняга. «Веліч Марыі ў Яе служэнні Богу і чалавеку, – адзначыў арцыбіскуп. – Яна паспяшыла з дапамогай да сваёй сваячкі Альжбеце, якая чакала нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Па Яе просьбе Хрыстус учыніў цуд у Кане Галілейскай. Яна, як наша духоўная Маці, клапоціцца пра нас. Сведчаць аб гэтым шматлікія марыйныя санктуарыі, дзе адбываецца найбольш цудаў. Мы таксама перажылі сапраўдны цуд краху атэістычнай сістэмы, як гэта прадказала Марыя ў Фаціме».
Марыя, падкрэсліў Мітрапаліт, атрымала ад Бога дар Беззаганнага Зачацця і засталася вернай яму, не запляміла свайго жыцця ніводным грахом. «Не трэба думаць, што ў тыя часы не было выклікаў. Яны былі, ёсць і будуць, бо злы дух не спіць і заўсёды дзейнічае. Таму Марыя для нас, людзей ужо XXI стагоддзя, з’яўляецца прыкладам захавання нашага хрысціянскага паклікання і нашай хрысціянскай годнасці, – падкрэсліў іерарх. – Усім вядома, што нялёгка плыць супраць цячэння. Але адказваць на выклікі часу – азначае супрацьстаяць яго бездухоўным і амаральным тэндэнцыям».
Арцыпастыр нагадаў, што апостал Павел заклікае не следаваць за духам свету і не ўпадабняцца яму, але жыць Божай праўдай, а жыць Божай праўдай азначае згаджацца з Божай воляй.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў браць прыклад з Марыі; «нягледзячы на ўсялякія супраціўнасці жыцця, не паддавацца, памятаць аб сваім хрысціянскім пакліканні і яго сведчыць у штодзённым жыцці, каб потым у вечнасці заняць месца побач з нашай духоўнай Маці – Марыяй». (DN), (AG)
|