Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў Будславе: «Законніца павінна адзначацца мацярынскай любоўю»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.09.2015 00:54

10 верасня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе адбылася малітоўная сустрэча законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэму «Сучасная кансэкраваная жанчына».

У межах сустрэчы выступіў з канферэнцыяй ксёндз Андрэй Стэцкевіч. Святар распавёў аб ролі прысвечанай Богу жанчыны ў сучасным свеце, заклікаў сясцёр быць з Хрыстом, быць духоўнымі маці, ствараць супольнасці жыцця і любові.

Пасля канферэнцыі сёстры ў ціхай малітве сустрэліся са сваім Умілаваным, адаруючы Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. На завяршэнне адарацыі кожная сястра атрымала індывідуальнае благаслаўленне і, падыходзячы да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, аддала сябе пад Яе матчыную апеку.



Супольны абед, прыгатаваны самімі сёстрамі, стаўся добрай нагодай, каб бліжэй пазнаёміцца, падзяліцца досведам і перажываннямі сваёй кансэкрацыі.

Кульмінацыйным момантам сустрэчы была Эўхарыстыя, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт нагадаў у гаміліі, што Паўсюдны Касцёл перажывае Год кансэкраванага жыцця, і Касцёл у Беларусі таксама прымае актыўны ўдзел у ім, каб «засяродзіцца над мінулым, сучаснасцю і будучыняй кансэкраванага жыцця ў нашай краіне, да чаго заклікае Папа Францішак».

Звяртаючыся да законніц і кажучы пра Будслаў, іерарх адзначыў: «Падобна як кожны год сюды прыходзяць тысячы пілігрымаў, каб аднавіць і ўмацаваць сваё духоўнае жыццё, так і вы сёння сабраліся тут, каб яго ўмацаваць па меры выклікаў нашага часу і заданняў, якія стаяць перад вамі на сучасным этапе жыцця і дзейнасці Касцёла ў Беларусі».

Арцыпастыр падкрэсліў, што падчас Года кансэкраванага жыцця кансэкраваныя асобы павінны абудзіць свет з духоўнай летаргіі, як аб гэтым просіць Святы Айцец. Гэта заданне для ўсіх кансэкраваных асобаў, але асабліва для кансэкраваных жанчын, дадаў арцыбіскуп. «Кансэкраваная жанчына, будучы законніцай, застаецца жанчынай з яе жаночай псіхікай і чуласцю на патрэбы іншых. Яна лепей за мужчыну чуе сэрцам, прамаўляе духоўнай цеплынёй і дапамагае патрабуючым, — заўважыў Мітрапаліт. — Законніца павінна адзначацца мацярынскай любоўю, бо Касцёл – гэта Маці, а Марыя любіць мацярынскай любоўю».



Мітрапаліт звярнуў увагу, што, хоць сёння «Касцёл і вера ў Бога становяцца нямоднымі», у той жа час «вядома, што шмат няверуючых і тых, хто варожа ставіўся да Касцёла, менавіта праз любоў да бліжняга з боку законных сясцёр змянілі свае адносіны да католікаў». Па словах іерарха, «у працэсе адраджэння веры і будавання іміджу Касцёла вялікая заслуга належыць законным сёстрам, якія сваёй жаночай любоўю, памножанай на ласку кансэкраванага жыцця, перамяняюць свет».

«У сучаснай культуры, якая не ўспрымае слова, але з’яўляецца адкрытай на мову знакаў, галоўнае заданне для кансэкраваных асобаў – быць знакам прысутнасці і прымату Бога, найперш праз захоўванне евангельскіх парад – чыстасці, убоства і паслухмянасці», — сказаў Мітрапаліт і дадаў, што кансэкраваныя асобы «лепей, чым словамі, даюць сведчанне прыкладам перамененага жыцця».



Арцыпастыр назваў прыкладам для ўсіх кансэкраваных асобаў, асабліва жанчын, Панну Марыю. «Прыняўшы Божую волю, Яна становіцца прыкладам прыняцця Божай ласкі праз чалавека. У Ёй кансэкраванае жыццё знаходзіць дасканалы ўзор пасвячэння Айцу, еднасці з Сынам і адданасці Святому Духу. А сувязь з Марыяй з’яўляецца шляхам вернасці адносна атрыманага дару паклікання, дапамогай узрастання ў ім і яго перажывання», — сказаў іерарх.

Пасля гаміліі сёстры аднавілі манаскія абяцанні і прынеслі на алтар свае інтэнцыі. Умацаваныя Словам Божым і радасцю сустрэчы, яны вярнуліся ў свае супольнасці, каб з новым запалам жыць і дзяліцца Хрыстом.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.