Канцэрт у памяць М.К.Агінскага адбыўся ў беразінскім касцёле |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
16.09.2015 15:42 |
12 верасня ў касцёле Божага Цела ў пасёлку Беразінскім Маладзечанскага раёна адбыўся канцэрт, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння М.К. Агінскага, вядомага палітычнага і вайсковага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, кампазітара і мецэната. Упершыню ў новым касцёле гучала музыка І.С. Баха, М.К. Агінскага, італьянскіх і англійскіх кампазітараў у выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Уступнае слова да канцэрта прамовілі кс. Сяргей Бараўнёў і дырэктар музычнага каледжа, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення фонду культурнай спадчыны М.К. Агінскага «Паўночныя Афіны» Рыгор Сарока. Сёння вельмі важна, каб гучала больш духоўнай музыкі, якая ўздымае людзей да Бога і адкрывае іх сэрцы, адзначалі выступоўцы. Канцэрт пачаўся з духоўнага спеву «Езус Хрыстус Пераможца» вакальным актэтам пад кіраўніцтвам Вольгі Кохан. Струнны квартэт выканаў творы І.С. Баха, В.А. Моцарта, італьянскіх і англійскіх кампазітараў. Пасля салістамі Мікалаем Карпіевічам (барытон) і Наталляй Шыбко (сапрана) былі выкананы дзве арыі з беларускай оперы «М.К. Агінскі. Невядомы партрэт». Таксама прагучалі касцёльныя спевы на беларускай мове. Завяршыўся канцэрт выкананнем вядомага паланэза М.К. Агінскага «Развітанне з Радзімай». Выканаўцаў і слухачоў уразіла прыгожая акустыка касцёла. У заключным слове была выказана падзяка выканаўцам, а Рыгор Сарока ад імя калектыву музычнага каледжа зрабіў падарункі для касцёла, сказаўшы: «Гэта быў наш першы канцэрт у касцёле Беразінскага». Сустрэча завяршылася кавай і шакаладам за адным сталом у парафіяльным доме. Опера «М.К. Агінскі. Невядомы партрэт» будзе прадстаўлена таксама ў маладзечанскім Палацы культуры 25 верасня (у дзень нараджэння М.К. Агінскага) у 19.00. Гэта першая опера пра нашага знакамітага суайчынніка, які змагаўся за незалежнасць Вялікага княства Літоўскага разам з Тадэвушам Касцюшкам і быў пахаваны ў касцёле Санта Крочэ ў Фларэнцыі ў пантэоне знакамітых італьянцаў. Кс. Сяргей Бараўнёў (АлГ) |