Пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: «Служэнне мiласэрнасцi з захаваннем Божага права» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
17.09.2015 17:04 |
17 верасня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу ў межах пастырскай сустрэчы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разважаючы ў гаміліі над чытаннем Евангелля гэтага дня, Мітрапаліт звярнуў увагу, што ў ім паказана, як Езус прабачае грэшнай жанчыне, якая шкадуе за свае грахi. «Гэтым самым Езус нагадвае аб першынстве любовi. Божая любоў нас збавiла i мы, святары i кансэкраваныя асобы, павiнны яе абвяшчаць людзям, ставiць яе ў цэнтры нашага жыцця», — падкрэсліў іерарх. Нагадваючы, што ў гэты дзень Касцёл успамінае св. Робэрта Бэлярмiна, якi жыў у XVI-XVIІ стагоддзi, быў адным з найбольш вядомых касцёльных iнтэлектуалаў свайго часу і асаблiва адзначаўся абаронай каталiцкай веры ў часы рэфармацыi, арцыпастыр адзначыў: «Святы Бэлярмiн прысвяцiў сваё жыццё абароне каталiцкай веры. Сёння мы ўсе паклiканы баранiць яе ад эрозii секулярызму i маральнага рэлятывiзму. Мы добра ведаем, як шмат крызiсаў перажывае сучасны свет i асаблiва сям’я». (AG) Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |