Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навіцыят у Трэцім ордэне кармэлітаў босых распачалі двое новых членаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.09.2015 18:40

16 верасня ў парафіі Божага Цела ў Мінску адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды візітацыі айца правінцыяла ордэна кармэлітаў босых, а таксама прыняцце святога шкаплеру і распачацце навіцыяту двух членаў свецкага Кармэлю Аляксандра і Таццяны Боскіных.

У гаміліі цэлебрант святой Імшы адзначыў, што ў жыцці Аляксандра і Таццяны, якія прынялі заклік Бога, пачынаецца новы этап паглыблення духоўнага жыцця, каб яшчэ больш прысвяціць сябе Богу праз Cвятога Духа, які фарміруе нас праз Хрыста і Божае слова. 

 

Разважаючы над Евангеллем, цэлебрант заахвоціў прысутных паглядзець, наколькі мы паслухмяныя Божаму слову і ці выконваем Божыя запаведзі.

Праз ускладанне шкаплера і жыцця ў кармэліцкай духоўнасці мы яшчэ больш яднаемся з Богам. Асабліва гэтая духоўнасць вылучае Маці Божую, якая з'яўляецца Каралевай святога шкаплеру.

У сваім жыцці Марыя ніколі не наракала, не капрызнічала. Заўсёды з глубокай верай прымала Божае слова, кажучы сваё «fiat». І калі мы прагнем фарміраваць сваё духоўнае жыццё ў духу Марыі, то з пэўнасцю дойдзем да глубокага жыцця з Богам у Яе харызмаце.

У асобе Маці Божай кожны з нас мае духоўнага кіраўніка, духоўную дапамогу, якая нас накіроўвае да Езуса Хрыста. Праз Марыю мы як бы заключаем новы запавет з Богам. Гэта значыць, што мы яшчэ раз Яму прысягаем, можам Яму аддацца і зробім усё магчымае, каб усе «атамы нашай любові» былі накіраваны на Яго.


Звяртаючыся да Аляксандра і Таццяны, цэлебрант зазначыў, што падчас навіцыяту неаднойчы будуць расчараванні, сустрэчы з цяжкасцямі, але пажадаў ім у духу пакоры і даверу дайсці да таго дня, калі яны з радасцю складуць свае вечныя абяцанні Богу. Святар пажадаў ім таксама падтрымкі Святога Духа, каб Яго любоў стала тым агнём, які накіроўвае на сустрэчу з Богам.

Пасля святой Імшы адбылася супольная вячэра.

C. Ірына Шыцікава OCDS

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.