20 верасня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах адбылася парафіяльная ўрачыстасць каранацыі абраза Маці Божай папскімі каронамі ў 1761 г. Ганаровым госцем урачыстасці стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які ўпершыню наведаў гэтую парафію.
Бялынічы некалі былі славутыя як «беларуская Чэнстахова». Абраз Мацi Божай, якi знаходзiўся ў мясцовым касцёле кармэлiтаў, у ХVІІІ–ХІХ стст. збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй з далёкіх ваколіц.
На сёлетняе свята прыбылі вернікі з розных куткоў Магілёўшчыны, вернікі магілёўскай катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава на чале з вікарыем ксяндзом Паўлам Беразуном, са Шклова з ксяндзом Аляксандрам Шупенькам, з Горак з ксяндзом Андрэем Кеўлічам, з Бабруйска з ксяндзом дэканам Бабруйскім Андрэем Яркаўцом і дыяканам Мікалаем Гракавым, з Беразіно з ксяндзом Андрэем Фёдаравым.
На пачатку святой Імшы бялыніцкія парафіяне прывіталі біскупа Аляксандра Яшэўскага цёплымі словамі і шчырымі пажаданнямі ў справе яго служэння на магілёўская зямлі.
У гаміліі іерарх нагадаў пра значэнне Панны Марыі на беларускай зямлі і пра тое, што хоць зараз у Бялынічах няма ранейшай велічнай святыні з цудатворным абразом, ранейшага вялікага кармэліцкага кляштара і саміх манахаў, але прысутнасць пілігрымаў (каля 90 чалавек) і іх супольная малітва нагадваюць пра вялікую ролю і значэнне Маці Божай Бялыніцкай на магілёўскай зямлі.
«Маці Божая і сёння жадае ад нас, дзяцей Божых, выконваць выключна Божую волю ў нашым жыцці і ўважліва слухаць тое, што кажа нам Божы Сын. Толькі так мы можам быць ўпоўні шчаслівымі і па-сапраўднаму рэалізоўваць сваё пакліканне, прыходзячы на гэты свет», — сказаў біскуп на завяршэнне адпустовай урачыстасці падчас сустрэчы з парафіянамі і прыбылымі пілігрымамі. 
Яўген Дудкін
|