Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў парафіяльную ўрачыстасць і асвяціў капліцу ў Горках
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.09.2015 09:58

19 верасня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у г. Горкі адбылася парафіяльная ўрачыстасць і асвячэнне капліцы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай. Упершыню ў якасці дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі парафію наведаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які ўзначаліў урачыстасць і асвяціў капліцу.

Пасля сардэчных словаў прывітання ўсіх прыбылых на урачыстасць святароў, кансэкраваных асобаў, гасцей і вернікаў адміністратарам парафіі кс. Андрэем Кеўлічам біскуп зазначыў, што гэтая падзея — радасць не толькі для парафіяльнай супольнасці і жыхароў г. Горкі, але і для ўсяго Касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў яе Магілёўскай частцы.

На пачатку Імшы біскуп асвяціў святой вадой сцены капліцы і ўсіх вернікаў, а пасля гаміліі і Вызнання веры здзейсніў абрад благаслаўлення алтара і акаджэння яго і сцен капліцы. Пасля падрыхтоўкі алтара да літургіі адбылося асвятленне капліцы — урачыстае запальванне свечак на алтары і ўсяго святла ў ёй. «Няхай у Касцёле яснее святло Хрыста, каб усе народы пазналі праўду», — маліўся біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У гаміліі іерарх сканцэнтраваў увагу на трох словах: слухаць, шукаць і сустракацца. «Кожная святыня — гэта месца, дзе людзі сустракаюцца, каб слухаць. Слухаць каго? Езуса, які ў Божым слове і сёння прамаўляе да нас. Слухаць Яго трэба чыстым і адкрытым сэрцам, і так, як Марыя, разважаць над ім у сваім сэрцы», — падкрэсліў біскуп.

Кажучы пра слова «шукаць», іерарх адзначыў: «Папа Францішак заклікае нас, пастыраў, і ўсіх вернікаў Касцёла “навярнуцца на місіянерскі менталітэт”. Місія вельмі моцна звязана са словам “шукаць”. Перад супольнасцю ў Горках, перад кс. Андрэем як душпастырам і перад парафіянамі стаіць моцны выклік — шукаць няверуючых і згубленых, а таксама тых ахрышчаных, хто забыўся аб сваім абавязку клапаціцца пра душу. Асабліва трэба шукаць моладзь. У Горках шмат студэнтаў. У Беларускай Дзяржаўнай Сельскагаспадарчай Акадэміі каля 13 тысяч студэнтаў, а можа, і больш. Напэўна, сярод іх ёсць і католікі, не менш, чым 1 тысяча. І іх нам трэба сёння шукаць».

Разважаючы над словам «сустракацца», біскуп сказаў: «Святыня — гэта выключнае месца сустрэчы чалавека з Богам. Чырвоная лямпачка каля табэрнакулюма будзе ўдзень і ўначы зіхацець, каб нагадваць усім, што тут б’ецца сэрца, жывое сэрца Бога, які жадае сустракацца з чалавечым сэрцам і напоўніць яго неабходнай сілай і ласкай».

На заканчэнне святой Імшы парафіяне шчыра падзякавалі біскупу. Ксёндз Андрэй Кеўліч падзякаваў усім удзельнікам Эўхарыстыі, а біскуп асаблівым чынам выказаў словы ўдзячнасці кожнаму, хто паспрыяў паўстанню капліцы.

Потым святкаванне парафіяльнага адпусту і асвячэння капліцы працягнулася сумесным пачастункам, а таксама музычным выступленнем моладзі з Магілёва, падчас якога кс. Андрэй Кеўліч са старшынёй парафіяльнага камітэту Мар’янам Эдуардавічам уручылі лісты падзякі людзям, якія асабліва паспрыялі паўстанню капліцы.

На завяршэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр Яшэўскі пажадаў усім быць на магілёўскай зямлі свечкай надзеі, якая не згасне насуперак незапатрабаванасці і пагардзе сучаснага свету да веры, супакою і любові, бо менавіта надзея можа распаліць у душах веру, супакой і любоў. 

(AG)

Фота kasciol.by

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.