Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У вёсцы Брылькі адбылося асвячэнне крыжа
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.09.2015 10:17

19 верасня ў вёсцы Брылькі валожынскай парафіі Святога Юзафа (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылося ўрачыстае асвячэнне крыжа.

Гэта ўжо 30-ы крыж, усталяваны ў парафіі пад духоўным кіраўніцтвам пробашча а. Генрыха Акалатовіча. Крыж з’яўляецца знакам жывой веры, святыняй, што яднае супольнасць вернікаў.

Усталяванне крыжа стала плёнам намаганняў каталіцкіх сем’яў вёскі Брылькі. Разам з тым свята было б немагчымым без дапамогі людзей добрай волі — жыхароў вёскі, а таксама супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў. Чуласць, спагадлівасць і духоўнасць народа, няхай і на прыкладзе невялікай вёскі, праявілася ў бачным знаку — крыжы.

Вернікі атрымалі нечаканы, а таму асабліва радасны падарунак — асвячэнне крыжа здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Іерарх зазначыў, што наша зямля адметная сталасцю веры. Гэта вялікі падарунак, але і вялікая адказнасць — захаваць веру продкаў, заўважыў біскуп, а таксама дадаў, што патрэбныя руплівасць і намаганні, каб наша духоўнасць мела і знешнія праявы.

Вольга Жвірко
Фота Уладзіміра Цаюна


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.