Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Упершыню адбылася пастырская сустрэча духавенства Магілёўшчыны на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.09.2015 22:30

У магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася пастырская сустрэча каталіцкага духавенства ўсходняй часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У сустрэчы прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB, кс. Юрый Быкаў (Магілёў), кс. Андрэй Яркавец (Бабруйск), а. Ежы Вежхоўскі CMF (Магілёў), кс. Андрэй Далянскі (Касцюковічы), а. Гжэгаж Ксёнжэк SP (Чавусы), кс. Павел Адамовіч (Крычаў), кс. Роберт Мацееўскі (Мсціслаў), кс. Аляксандр Шупенька (Шклоў), а. Віталій Чабатар CMF (Магілёў), кс. Павел Беразун (Магілёў), кс. Андрэй Кеўліч (Горкі), дк Мікалай Гракаў (Бабруйск), сёстры законныя Кангрэгацыі Сясцёр св. Дамiнiка (дамініканкi) і Кангрэгацыі Сясцёр Мiсiянерак Святой Сям’i.
 
Сустрэча пачалася духоўнай канферэнцыяй, якую падрыхтаваў духоўны айцец Магілёўскай часткі архідыяцэзіі кс. Андрэй Далянскі. Святар засяродзіўся на тэме духоўнай і чалавечай салідарнасці.
 
«Канешне, мы прагнем, каб Магілёўшчына стала “райскім садам”. Але варта памятаць, што гэта будзе немагчыма, калі паміж намі, святарамі гэтай зямлі, не будзе святарскай еднасці і салідарнасці – духоўнай і чалавечай», — заўважыў святар.
 
Ксёндз Андрэй Далянскі звярнуў увагу на тое, што крыніца духоўнага адзінства знаходзіцца ў Архісвятарскай малітве Хрыста. «Пастараемся стварыць батальён асобаў, праз малітву, перад усім – адзін за аднаго!» — заклікаў духоўны айцец.
 
Вельмі важнымі для святарскага жыцця кс. Андрэй Далянскі назваў «сустрэчы духавенства, радасць з сустрэчы, перажыванне парафіяльных святаў, сустрэчы за кавай і гарбатай, звычайныя адведзіны адзін аднаго».  «Аднак злы дух дзейнічае, разбіваючы святарскую еднасць. Напэўна, таму, на жаль, і ў нашай супольнасці не ўсё так добра, як хацелася б; праўда, і не найгорш!» — сказаў святар.
 
«Мы, душпастыры гэтай зямлі, нястомна павінны памятаць аб тым, што ўсе прэзбітэры, устаноўленыя праз сакрамэнт пасвячэння, звязаны паміж сабою вельмі цесным сакрамэнтальным вузлом братэрства. Узаемна дапамагалі адзін аднаму і заўсёды былі супрацоўнікамі праўды», — прыгадаў святар вучэнне Другога Ватыканскага Сабору. «Будзем жа імкнуцца да таго, каб нашая супольнасць развівалася паводле прынцыпу: адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго», — заклікаў кс. Андрэй Далянскі.

Пасля духоўнай канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
 
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі іерарх заклікаў да сумленнасці і адказнасці. «Хто верны ў малых рэчах, той будзе верны і ў вялікіх, — некалькі разоў паўтарыў біскуп. — Каб выканаць гэтае заданне, трэба быць чалавекам сумленным і адказным у сваіх словах і ўчынках, пакорным і мудрым дзякуючы Божаму Слову».
 
Пасля Эўхарыстыі адбыўся сумесны пачастунак. Затым былі абмеркаванны некаторыя душпастырскія справы:

— Біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў духоўным асобам за прысутнасць і за пастырскія праграмы: «канікулы з Богам», сустрэчы міністрантаў, сем’яў, пілігрымкі і г.д., якія праводзілі святары і сёстры.

— Асабліва падзякаваў іерарх святарам і кансэкраваным асобам і вернікам Магілёўшчыны за ўдзел у яго біскупскім пасвячэнні 27 чэрвеня; таксама за іх прысутнасць 5 ліпеня, калі ў прысутнасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага ён пачаў сваё служэнне як біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці ў магілёўскай катэдры. «Хачу падзякаваць вам за тую супольнасць, якую імкнецеся ствараць. Яна відавочна і 15 жніўня, у адпустовую ўрачыстасць у катэдры; 16 жніўня – у Мсціслаўлі; 19 верасня – ва ўрачыстасць авячэння новай капліцы ў Горках; 20 верасня – ва ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах. Гэта знак адзінства. Заахвочваю вас і надалей быць салідарнымі паміж сабой і падтрымліваць кожную парафіяльную супольнасць, па магчымасці сваёй прысутнасцю», — сказаў біскуп.

— Іерарх нагадаў аб неабходнасці больш адказнага падыходу ў падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнту сужэнства, а таксама захавання тых працэдур, якія прадугледжвае кананічнае права.

— Біскуп паведаміў, што ў кастрычніку ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі агульная малітоўная інтэнцыя звязана з Сінодам Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і ў сучасным свеце», і нагадаў, што на Catholic.by будуць змешчаны разважанні і катэхезы як дапаможны матэрыял для ружанцовых набажэнстваў.

— Біскуп звярнуў увагу на тое, каб старацца захоўваць звычай нашэння святарскага і манаскага адзення, асабліва падчас сумесных сустрэч, а таксама старацца развіваць пачуццё сакрум у сабе і ў верніках.

— Іерарх паведаміў, што ў лістападзе пачнецца кананічная візітацыя ў рэгіёне – спачатку ў Магілёўскім, пасля ў Бабруйскім дэканатах. Ва ўрачыстым распачацці візітацыі прыме ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кананічная візітацыя будзе трываць тры дні: субота (сустрэча з душпастырамі); нядзеля (сустрэча з вернікамі); панядзелак (сустрэча з мясцовай уладай і г.д.).

— Была абмеркавана дата святарскіх рэкалекцый, якія плануюцца ў Касцюковічах, і было прынята рашэнне, што духоўныя практыкаванні пройдуць 12-15 кастрычніка (пачатак – 12 кастрычніка ў 18.00; заканчэнне – 15 кастрычніка ў 18.00). Больш дакладны расклад будзе пададзены пазней.

— Айцец Віталій Чабатар нагадаў аб тым, што ў бягучым годзе рашэннем Мітрапаліта ў рэгіёне было заснавана душпастырства вязняў (а. Віталій Чабатар) і чыгуначнікаў (а. Гжэгаж Ксёнжэк).

— Ксёндз Андрэй Кеўліч звярнуў увагу на тое, што старонка Магілёўскага дэканату з благаслаўлення біскупа Аляксандра Яшэўскага паступова становіцца сайтам аб Каталіцкім Касцёле на Магілёўшчыне, таму ёсць патрэба ў больш актыўным удзеле ўсяго духавенства ў развіцці рэгіянальнай каталіцкай інтэрнет-старонкі.

— Сястра Вера агучыла праблему ўжывання неадпаведнага словазлучэння «дзіцячая святая Імша» ў дачыненні да святой Імшы з удзелам дзяцей, што стварае шмат клопатаў, асабліва што тычыцца ўдзелу ў Літургіі дарослых.

— Сёстры-катэхеткі ўзнялі пытанне аб неабходнасці асобных сустрэч для катэхетаў Магілёўшчыны, з мэтай аптымізацыі працы і акцэнтавання таксама рэальнасці рэгіёну.

— Святар з Горак звярнуў увагу на неабходнасць атрымання пісьмовага афіцынага дакумента ад ККББ аб устанаўленні асобнага літургічнага ўспаміну Маці Божай Бялыніцкай 20 верасня (пакуль маецца толькі вусны пераказ біскупа Юрыя Касабуцкага, у адказ на пісьмовы зварот да ККББ у мінулым годзе святароў Магілёўскага дэканату аб устанаўленні асобнага літургічнага ўспаміну).
 
Наступная пастырская сустрэча адбудзецца 22 кастрычніка ў Шклове.

Паводле mohylev-katolik.by

(AG)

 

 

Фота mohylev-katolik.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.