25 верасня, у дзень 250-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага, на месцы былога касцёла святога Роха ў Аборку ў Маладзечанскім раёне адбылося ўрачыстае адкрыццё гістарычна-культурнага комплексу «Аборак».
У 1443 г. тут была заснавана каталіцкая парафія і пабудавана драўляная святыня, якая прастаяла да 1990-х гадоў і была разбурана часам і людзьмі. Асаблівасцю гэтай святыні і парафіі ў свой час былі шматлікія пілігрымкі да цудатворнага абраза святога Роха. Калісьці Аборак быў слынны, як Будслаў. Касцёл не захаваўся, абраз святога Роха цяпер знаходзіцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі ў Мінску, а месца святыні да нядаўняга часу было занядбана і забыта людзьмі. 
Намаганнямі пробашча і парафіян у 2005 г. была распачата праца з той мэтай, каб увекавечыць месца былога касцёла. Праца была велізарнай і маруднай, здавалася, што патрэбна шмат гадоў, каб навесці тут парадак. Аднак прыблізна ў 2011-2012 гг. знайшліся дабрачынцы, якія прыглядаліся да гэтага месца, а ў 2014 г. намаганнямі членаў фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага», вернікаў і валанцёраў, падтрыманыя раённымі ўладамі, пайшлі працы, спачатку прыбіранне і кашэнне, а ў 2015 г. была адрамантавана грабніца роду Дадэркаў, адбылося асвячэнне крыжа, была адрамантавана па перыметры каменная агароджа, брама, побач з касцёлам пабудаваны бяседка і лавы.

Нарэшце адбылося адкрыццё гэтага месца, якое будзе таксама месцам пілігрымак для вернікаў, бо там будзе зроблена Кальварыя, і месцам для турыстаў. Сустрэча сабрала шматлікіх вядомых людзей Маладзечна і Маладзечанскага раёна, сярод якіх прысутнічалі былы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь П.К. Краўчанка, дырэктар Музычнага каледжа імя М.К. Агінскага заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Р.С. Сарока, кампазітары і выканаўцы оперы «М.К. Агінскі. Невядомы партрэт», раённыя ўлады, жыхары і інш. 
Побач з месцам касцёла была пасаджана імянная ліпавая алея з 40 дрэваў. Па словах выступоўцаў і іншых прысутных — гэта пачатак адраджэння гэтага месца, якое аздобіцца добраўпарадкаваннем вёскі і каталіцкіх могілак, на якіх пахавана шмат выдатных людзей. У планах увекавечыць непадалёк месца нараджэння Леанарда Ходзькі, асабістага сакратара М.К. Агінскага і пісьменніка.
Жадаючым дапамагаць справе аднаўлення і захавання духоўнай і культурнай спадчыны просьба звяртацца да пробашча касцёла ў в. Палачаны. Патрэбны ідэі, ахвяры і праца, за што нашчадкі ўспомняць добрым словам.
(AG)
|