Сакрамэнт канфірмацыі і адпустовая ўрачыстасць адбыліся ў парафіі ў Гатаве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
29.09.2015 12:10 |
27 верасня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB yзначаліў святую Імшу ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве. У гэты дзень парафія святкавала адпустовую ўрачыстасць, таксама там адбыўся сакрамэнт канфірмацыі. Разам з біскупам літургію цэлебравалі пробашч парафіі Святога Духа ў Мінску кс. Ян Крэміс, кс. Дзмітрый Пухальскі, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і першы пробашч у Гатаве кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA, дырэктар «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных, кс. Пётр Фідэрмак і пробашч парафіі ў Гатаве кс. Крыштаф Пасвята CSMA. Падчас Імшы біскуп распавёў, як нядаўна яму ноччу пазваніў малады чалавек, які вучыцца ў Мінску. Ён шукаў падтрымкі, бо асяроддзе маладых людзей, у якім ён жыве, цалкам ігнаруе і часта высмейвае рэлігійныя праўды. «Таму паглядзіце на вашага апекуна, — звярнуўся іерарх да сабраных у гатаўскай капліцы вернікаў. — Ад яго вучыцеся пакоры і адвазе, бо толькі гэта дае гарантыю, што вы зможаце вытрываць у Богу». Пасля Эўхарыстыі група моладзі, якая рыхтуецца ў наступным годзе паехаць на Сусветны дзень моладзі ў Кракаў (Польшча), прадставіла кароткую мастацкую праграму — пантаміму аб змаганні дабра са злом, аб змаганні, якое Бог няспынна вядзе за кожнага чалавека. Затым Ян Супаненка, адзін з тых, хто прыняў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, удзельнік мастацкіх варштатаў, якія ў жніўні гэтага года адбыліся ў Італіі і былі арганізаваны Апостальскай Нунцыятурай у Беларусі, выканаў на піяніна два музычныя творы: прэлюдыю Рахманінава і эцюд Шапэна. (AG) |
Фотарэпартаж |