Страчаны гомельскі касцёл пакажуць у 3D |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
01.10.2015 14:37 |
Стваральнікі фільма распачалі візуальную рэканструкцыю выгляду ўзарванага камуністамі касцёла і пазначылі яго дакладнае месцазнаходжанне Група гомельскіх краязнаўцаў-валанцёраў вырашыла рэалізаваць ідэю стварэння фільма. Стужка будзе распавядаць пра тое, як выглядаў гістарычны цэнтр горада. У межах праекту плануецца стварыць 3D-мадэлі страчаных архітэктурных помнікаў, сярод якіх будынак каталіцкай святыні XIX стагоддзя, знішчанай у савецкія часы. Над праектам працуюць гісторык Марыя Булавінская, краязнаўца і архітэктар Сяргей Ляпін, а таксама іншыя спецыялісты і проста аматары гісторыі. Напрыклад, студэнт-архітэктар Раман Рошчанка стварае 3D-мадэлі будынкаў. Краязнаўцы кансультуюцца з даследчыкамі, а таксама выкарыстоўваюць дарэвалюцыйныя і аэрафотаздымкі. «У фільме мы пакажам, як бы Гомель мог выглядаць, калі ўзнавіць некаторыя гістарычныя аб'екты. Плануем паказаць цяперашнюю плошчу Леніна і паркавую зону. Ужо пачалі рэканструяваць выгляд касцёла, бо лічым, што сёння яго было б рэальна аднавіць на гістарычным месцы», — гаворыць Марыя Булавінская. Вядома, што касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі размяшчаўся на цэнтральнай плошчы горада да 1938 года. На старых фотаздымках бачна, што спачатку на касцёле быў лацінскі надпіс «Sit nomen Domini benedictum usque ad aeternum» («Хай будзе імя Пана благаслаўлёна на векі вечныя»). Пазней надпіс замянілі на польскі «Chwalcie Pana wszystkie narody» («Хваліце Пана ўсе народы»). Аўтары фільма параўналі савецкія і нямецкія аэраздымкі і змаглі высветліць дакладнае размяшчэнне касцёла. Святыня знаходзілася на месцы сённяшняй пляцоўкі перад уваходам у Галоўпаштамт. Працу над фільмам плануецца скончыць да канца года. katolik-gomel.by (MV) |