Біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў залікоўкі студэнтаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.10.2015 13:28 |
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі 1 кастрычніка асвяціў студэнцкія заліковыя кніжкі і благаславіў каталіцкую моладзь на атрыманне новых ведаў у чарговым навучальным годзе. Благаслаўленне адбылося падчас вечаровай святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У гаміліі іерарх адзначыў важнасць адукацыі для кожнага верніка і для Касцёла ў цэлым, а таксама згадаў прыклад святой Тэрэзы з Лізьё, якая, нягледзячы на ўсе перашкоды, імкнулася да выканання свайго паклікання, да службы бліжнім і Богу. Святая Тэрэза нават у цяжкія часы, падчас смяротнай хваробы, пісала і працавала, захоўваючы спакой у душы праз давер Пану, дадаў біскуп. У 1997 годзе Папа Ян Павал ІІ менавваў яе доктарам Касцёла за ўплыў, які святая зрабіла на каталіцкую тэалогію і філасофію. «Вельмі часта мы гандлюемся з Богам: "Я Табе нешта, а Ты мне дапамажы". Такія прыклады апісаныя і ў Старым Запавеце. Бог хоча нам дапамагаць, але Ён бачыць, чаго мы сапраўды жадаем праз тыя справы, якія робім», — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі. На заканчэнне Імшы біскуп благаславіў студэнтаў і запрасіў моладзь у дольны касцёл на нефармальную сустрэчу і знаёмства. «Благаславі сабраную тут моладзь, якая прынесла гэтыя залікоўкі і вучэбныя прылады, каб з іх дапамогай яны спасцігалі праўду, дабро і прыгажосць у створаным Табой свеце», — маліўся біскуп падчас благаслаўлення. Моладзевыя сустрэчы ў мінскай архікатэдры будуць адбывацца кожны чацвер пасля Імшы на 18.30. Адукаваная і актыўная моладзь — гэта будучыня Касцёла, гэта перакананыя вернікі, адказныя бацькі, парафіяне, святары і сябры манаскіх супольнасцяў. Зараз добрая адукацыя з'яўляецца неабходным атрыбутам любога кар'ернага поспеху, але без ведаў немагчыма і абараніць сваю веру ад чужых нападкаў, абвергнуць міф пра несумяшчальнасць навукі і веры. Адукаваны католік — чалавек, які можа выстаяць у сучасным свеце, поўным антыхрысціянскай прапаганды. Аляксандр Гелагаеў |
Фотарэпартаж |