3-4 кастрычніка ў Каталіцкім моладзевым цэнтры імя св. Яна Боско ў Мінску прайшлі рэкалекцыі «Разважанні аб добрай смерці» з удзелам моладзі з розных куткоў Беларусі. На гэты раз яны былі прысвечаны тэме «Сэрца альбо розум».
З гэтай тэмы ўдзельнікі пачалі загадзя рыхтавацца да Сусветнага дня моладзі, які ў ліпені 2016 г. пройдзе ў Кракаве.
Сустрэча, як звычайна, пачалася са знаёмства, затым удзельнікам была прапанавана цікавая гульня.
Пасля невялікага пасілку разам з с. Люцыяй FMA моладзь разважала над урыўкам Евангелля пра 10 паннаў, якія са сваімі светачамі чакалі жаніха. Кожны меў час, каб адказаць сабе на пытанні: «Да якіх паннаў больш падобна я? Што для мяне з’яўляецца алеем?» – а пасля падзяліцца сваімі думкамі і разважаннямі з іншымі.
Пасля вячэры адбылася яшчэ адна канферэнцыя, падчас якой моладзь разам з кс. Аляксандрам Мятліцкім SDB паспрабавала адшукаць адказ на пытанне: «Хто я ёсць?» Як было адзначана, Бог заўсёды з любоўю працягвае нам сваю руку і толькі ад нас залежыць, ці адчынім мы брамы свайго сэрца і ці працягнем сваю руку ў адказ. Ксёндз Аляксандр Мятліцкі заахвоціў шукаць любячага Айца, сустракацца з Ім як мага часцей на працягу дня, замест таго, каб сядзець у тэлефонах і сацыяльных сетках, бо толькі Божая любоў можа заспакоіць сэрца чалавека і толькі Ён можа даць адказы на ўсе нашыя пытанні.
Затым, узрушаныя гісторыямі з жыцця і ўзнятымі падчас канферэнцыі пытаннямі, удзельнікі рэкалекцый скіраваліся ў капліцу, каб там, прымаючы ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, сустрэцца з Богам і пашукаць адказы на хвалюючыя пытанні. Кожны жадаючы мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Па салезіянскай традыцыі дзень завяршыўся слоўкам на добрую ноч, якое прамовіла с. Вераніка Огар FMA.
Адным з важных момантаў другога дня стала канферэнцыя кс. Івана Огара SDB, на якой удзельнікі звярнулі ўвагу на свае сэрцы, на тое, што ім патрэбна пэўнае выхаванне. Удзельнікі вызначылі, што адным з інструментаў, які фармуе сэрца, можа з’яўляцца штодзённы рахунак сумлення, разважалі над тым, ці так гэта, у чым яго багацце, а таксама над іншымі пытаннямі, якія датычаць сумлення і наступстваў каменных або новых (адкрытых на Божую ласку) сэрцаў. Над гэтым сабраныя маглі паразважаць і нават паспрачацца падчас працы ў групах. Удзельнікі адзначаюць важнасць менавіта гэтай часткі рэкалекцый, бо на працягу адведзенага часу яны вучыліся дзяліцца думкамі, абараняць і пацвярджаць іх пэўнымі жыццёвымі прыкладамі, слухаць адзін аднаго. Акрамя канкрэтных пытанняў, моладзь закранула і некаторыя іншыя сітуацыі, у якіх апынуліся некаторыя, і разам пашукала найлепшае выйсце з іх.
Пасля малітвы на ружанцы і «пустыні» надышоў галоўны момант гэтага дня: святая Імша. Потым у араторыі адбыўся пасілак. Падводзячы вынікі сустрэчы, кожны меў магчымасць узяць нейкую пастанову на далейшае жыццё, каб правільна выхоўваць сваё сэрца, шукаць сапраўдныя скарбы, імкнуцца ўсё болей пазнаваць Бога і давяраць Яму сваё сэрца і ўсяго сябе.
Паводле www.sdb.by (AG) Фота www.sdb.by
|