У Мінску дзеці маліліся за мір у Сусветную Эўхарыстычную Святую Гадзіну |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.10.2015 14:56 |
Увечары 2 кастрычніка ў мінскай капліцы св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М.Кольбэ сабраліся дзеці, каб папрасіць Бога аб супакоі ў сем'ях і ва ўсім свеце. Дзеці не толькі прынеслі анёлаў, якіх зрабілі, каб ушанаваць св. Анёлаў Ахоўнікаў, але і падрыхтаваліся да супольнай ружанцовай малітвы. Пяць таямніц, пяць колераў, пяць частак свету — прыгадалі кожную, маліліся за мір, бо няма нічога страшней за вайну, і гэта разумеюць нават малыя. На ўсіх кантынентах у многіх краінах у гэты дзень гучала дзіцячая малітва аб міры, і юныя парафіяне шчыра далучыліся да яе. Гэта была ўжо 13-я Сусветная Дзіцячая Эўхарыстычная Святая Гадзіна, ідэя якой належыць каталіцкаму аб'яднанню «Сусветны апасталат Фацімы» з ЗША. Дзеці ўсіх кантынентаў аб'ядналі свае сілы. У першую пятніцу кастрычніка яны адну гадзіну адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт, на знак духоўнай лучнасці запалілі свечку, а таксама маліліся аб супакой у сем'ях і ва ўсім свеце. Па прыкладзе пастушкоў з Фацімы Гіяцынты, Францішка і Люцыі дзеці ўзялі ў рукі ружанец, каб, трываючы на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, ратаваць свет. Менавіта праз пастушкоў з Фацімы Маці Божая перадала пасланне для свету, даўшы ім у рукі ружанец і просячы: «Маліцеся аб навяртанні света, каб скончыліся войны. Маліцеся аб міры і справядлівасці...» Такім чынам дзеці нясуць у свет заклік да навяртання, пакуты і шчырай малітвы і пачынаюць ратаванне свету ў сваім сэрцы, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вікторыя Маўчанская, фота Алены Кот (АG) |
Фотарэпартаж |