Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ракаве праходзяць святкаванні ў гонар Маці Божай Ружанцовай
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.10.2015 12:45

7 кастрычніка 1571 г. адбылася Бітва пры Лепанто паміж флотам Свяшчэннай Лігі і флотам Асманскай імперыі — адна з найбуйнейшых марскіх бітваў у сусветнай гісторыі. Асманская імперыя на той час мела магутную армію і планавала захоп усёй Еўропы. Папа Пій V горача маліўся на ружанцы і заклікаў да малітвы іншых. Поўная перамога хрысціянскага флоту пазначыла канец асманскага панавання на Міжземным моры. Як падзяка за апякунства, гэты дзень быў названы ў гонар Маці Божай Пераможнай, а крыху пазней — Маці Божай Ружанцовай.

У гісторыі касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве вялікі след пакінулі айцы дамінікане, якія працавалі тут. Парафіяльная святыня носіць імя Маці Божай Ружанцовай, бо святы Дамінік вельмі шанаваў Ружанец і заахвочваў да малітвы Ружанца іншых.

7 кастрычніка парафіяне сабраліся на святой Імшы, каб супольна праславіць Апякунку мястэчка і прасіць Яе аб дапамозе.

Імшу ўзначаліў пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі кс. Антоні Клімантовіч, гамілію прамовіў кс. Аляксандр з Вілейкі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама пробашч касцёла ў Пяршаях а. Сяргей, бр. Павел з Івянца, кс. Раман з парафіі ў Параф’янаве, кс. Сяргей з Дзераўной, кс. Валянцін з парафіі ў Волме і іншыя. Да супольнай малітвы далучыліся і сёстры дамініканкі.

«Сёння мы стаім перад ворагам нашага часу, які заклікае нас жыць без Бога, парушаць запаведзі Божыя, чыніць шкоду прыродзе і людзям, – зазначыў пробашч парафіі кс. Дзмітрый Барыла. – Мы павінны ў гэтым баі перамагчы або загінуць. Езус Хрыстус – наша браня ў змаганні з ворагам».

Святкаванні ў гонар Маці Божай Ружанцовай у Ракаве працягнуцца экуменічнай малітвай прадстаўнікоў розных канфесій 10 кастрычніка а 17-й гадзіне і ўрачыстай святой Імшой і эўхарыстычнай працэсіяй 11 кастрычніка а 10-й гадзіне.


Таццяна Сівец, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.