Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у парафіі ў Лошыцы: «Ружанец — магутная, пераможная малітва, актуальная для кожнага з нас» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.10.2015 14:48 |
7 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца ў Мінску адбыўся парафіяльны фэст. Гэтае традыцыйнае парафіяльнае свята, прымеркаванае да ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, сёлета мела асаблівую адметнасць: парафію ўпершыню наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Раней іерарх ужо наведваў парафіяльную капліцу, будучы прэзбітэрам, і вернікі памятаюць яго пранікнёныя гаміліі падчас адвэнтавых рэкалекцый. Высокага госця віталі ў двары капліцы дзеці з хлебам-соллю, святары і законныя сёстры мінскіх парафій, а таксама шматлікія вернікі. Біскуп благаславіў прысутных.
У прывітальным слове пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч адзначыў, што пачатак біскупскага служэння іерарха супаў з Годам кансэкраванага жыцця, што асаблівым чынам падкрэслівае і гэтае адданае біскупскае служэнне. Таксама пробашч пажадаў біскупу далейшага плённага служэння на карысць свабоды веры, абвяшчэння касцёльных праўдаў, духоўнага і хрысціянскага адраджэння нашай Бацькаўшчыны. У гаміліі падчас урачыстай святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў гісторыю ўзнікнення ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай: перыяд змагання вернікаў Еўропы за хрысціянскія каштоўнасці ў супрацьстаянні з экспансіяй ісламізму. Іерарх заклікаў і сёння, па прыкладу хрысціян Сярэднявечча, пільна бараніць еўрапейскія хрысціянскія каштоўнасці пад націскам новай хвалі ісламізацыі.
Таксама біскуп нагадаў гісторыю святога Ружанца і заклікаў вернікаў няспынна маліцца гэтай малітвай. «Сённяшняя ўрачыстасць асабліва заахвочвае нас да малітвы на ружанцы. Гэта магутная, пераможная малітва і прыгожы інструмент, пакінуты нам Найсвяцейшай Паннай Марыяй. Ці з’яўляецца Ружанец актуальнай малітвай сёння для кожнага з нас? Я кажу так, бо кожны з нас можа знайсці праз яго малітоўную падтрымку. Таму не варта ёю пагарджаць», — адзначыў біскуп. «Нашая ўласнасць — гэта нашыя грахі. І дзеля таго, каб іх перамагчы, недастаткова нашых чалавечых сіл. Нам патрэбна Божая ласка, нам патрэбна малітва. Калі мы будзем маліцца і прасіць, мы будзем благаслаўлёныя, мы будзем шчаслівыя. Таму мы кажам: Маці Божая, маліся за нас, падтрымай нас, дапамажы. І Марыя падтрымоўвае і дапамагае. Пра гэта сведчаць і Святое Пісанне, і шматлікія святыні, прысвечаныя Панне Марыі, і тыя дары, якія ўдзячныя вернікі прыносяць Маці Божай за атрыманыя праз Яе ласкі. Вось колькі думак хачу пакінуць і сабе, і вам у сённяшнюю адпустовую ўрачыстасць на ўспамін Маці Божай Ружанцовай, — дадаў іерарх. — Варта ведаць свае традыцыі, захоўваць іх і перадаваць не толькі словамі, але і ўчынкамі, як і рабілі нашыя продкі». Біскуп пажадаў, каб Год Божай Міласэрнасці, які будзе адзначаць Каталіцкі Касцёл, стаў асабліва спрыяльным у распачатым будаўніцтве ў парафіі Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці.
Дарамі вернікаў, складзенымі да алтара, сталі даўні абраз Маці Божай Ружанцовай, які шмат гадоў захоўваўся ў доме старэйшых парафіян на знак удзячнасці за іх мужнасць і паслядоўнасць у захаванні веры; кветкі ружы і пасхал ад дзяцей і моладзі — як сімвал будучыні парафіі; віно, вада і гостыя — як сімвал руплівай штодзённасці ўсіх парафіян; кветка ружы — як сімвал парафіі Маці Божай Ружанцовай — якая стала падарункам для ўсіх прысутных святароў і сясцёр законных. Па традыцыі парафіяльная адпустовая ўрачыстасць завяршылася вулічнай працэсіяй на ўшанаванне Маці Божай Ружанцовай. Галіна Абакунчык, (AG) |
Фотарэпартаж |