Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вечныя манаскія абяцанні склаў у Жодзіне брат Павел Федаровіч МІС
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.10.2015 15:03

3 кастрычнiка ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) склаў вечныя манаскія абяцанні брат Павел Федаровіч МІС.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел айцы марыяне і вернікі з самога Жодзіна, духавенства і семінарысты з іншых мясцін, шматлікія кансэкраваныя асобы з розных супольнасцяў, госці з розных месцаў Беларусі і з замежжа. Сярод іх прысутнічалі тыя, з кім звязаны пэўныя этапы фармавання асобы брата Паўла: ад нараджэння і дзяцiнства ў Лiдзе – пробашч парафii Узвышэння Святога Крыжа кс. Уладзімір Гуляй, з часу вучобы ў Гродне – сябры-семiнарысты, з Люблiна (Польшча) – рэктар семінарыі разам з іншымі выкладчыкамі, з часу працы зноў у Беларусi – лідары і ўдзельнікі моладзевага гурта «Аазіс».

Святую Імшу ўзначаліў правiнцыял Ордэну марыянаў а. Павел Навумовiч, на рукi якога бр. Павел склаў вечныя манаскія абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасцi.

У гамiлii правiнцыял ордэну падкрэсліў, што жыццёвы выбар бр. Паўла – гэта своеасаблiвы выклiк сучаснаму свету, якi пакладае перад маладым чалавекам шматлiкiя спакусы – спаўнення фiнансавага, сексуальнага, набыцця ўлады. На першы памылковы погляд, адзначыў святар, гэтыя элементы з’яўляюцца гарантам поспеху, шчасця, нават зайздрасцi акружаючых – але не для сапраўднага хрысцiянiна, які не ставiць зямное часовае вандраванне вышэй за вечнае жыццё ў Нябеснай Айчыне.

Звяртаючыся да бр. Паўла і адначасова да кожнага з прысутных, правiнцыял ордэну заклікаў ганарыцца толькi Хрыстом укрыжаваным, бо кожнае паклiканне, у тым ліку свецкага чалавека, патрабуе высiлкаў, каб не збочыць з Божай дарогi, і жыццё тым прыгажэйшае, калi маем адвагу адказаць Богу «так».

Завяршылася ўрачыстасць шматлiкiмi падзякамi, выказанымi братам Паўлам у адрас бацькоў, якiя радуюцца за яго ўжо ў Нябеснай Айчыне, у адрас прысутных – cястры Наталлi, хросных бацькоў, сяброў, выкладчыкаў, сясцёр законных з розных супольнасцяў, у адрас усiх, хто паспрыяў правядзенню гэтай значнай у яго жыццi падзеi станаўлення марыянiнам. Брат Павел падзякаваў таксама ўсiм, хто прыйшоў раздзялiць з iм гэтую радасць, бо ўпэўнены, што ў касцёле ў гэты дзень няма выпадковых людзей: кожнага прывёў Пан Бог.

Напрыканцы пробашч парафіі а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС зазначыў, што марыянскiх парафiй у Беларусi пакуль няшмат, таму ёсць надзея, што калi-небудзь брат Павел будзе працаваць i ў Жодзіне. Таму парафіянам прапануецца маліцца за яго.

Паводле catholic-zhodzina.by

(AG)

 

 

Фота catholic-zhodzina.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.