Да супольнай малітвы ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве 10 кастрычніка далучыліся прадстаўнікі іншых канфесій мястэчка.
Удзельнікі пагадзіліся з тым, што ў час, калі свет усё больш раз’ядноўваецца па розных палітычных і эканамічных прычынах, важна памятаць пра галоўнае — веру ў Хрыста, якая іх яднае.
Пробашч парафіі кс. Дзмітрый Барыла падкрэсліў, што трэба рабіць тое, што кажа Езус Хрыстус, і тады мы ніколі не памылімся.
Пра часы, калі ў ракаўскай святыні размяшчалася зернясховішча, нагадаў прысутным пастар ракаўскай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай (“Божая ласка”) Юрый Панько: «Радасна, што надышоў час волі, калі мы можам прыходзіць у гэты храм і маліцца разам за нашу зямлю, нашу краіну».
З віншавальным словам звярнуўся да вернікаў таксама настаяцель Свята-Прэабражэнскай царквы ў Ракаве протаіерэй Сергій Лепін. «Калі мы ігнаруем нашы адрозненні, робімся яшчэ больш адрознымі. Аднак ёсць яшчэ адзінства надзеі і любові, — заўважыў святар. — У справах клопату пра нашу Бацькаўшчыну ў нас вельмі вялікія перспектывы ў плане адзінства».
Мецэнат ракаўскага касцёла Вячаслаў Доўнар падзяліўся ўласнымі сведчаннямі пра падтрымку Божай Маці ў сваім жыцці і заклікаў усіх як мага часцей звяртацца да мудрасці Божага слова. «Калі б я раней прачытаў Біблію, я б не нарабіў тых памылак у жыцці і бізнесе», — прызнаўся Вячаслаў Іванавіч. Таксама ён прапанаваў сабраць да 110-годдзя касцёла інфармацыю пра ўсіх тых, хто мусіў некалі выехаць з мястэчка ў ХХ стагоддзі, і запрасіць іх на свята.
Пад спевы хору Царквы Хрысціян Веры Евангельскай і пад развагі моладзі пра тое, дзе сёння шукаць адказы на пытанні жыцця, ракаўчане і госці мястэчка мелі маччымасць адчуць сваё адзінства — у веры. «Пакуль мы будзем перадаваць нашу веру, касцёл у Ракаве будзе жывы», — упэўнены кс. Дзмітрый Барыла.
У нядзелю пасля святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія, у якой, як заўсёды, узялі ўдзел і самыя юныя парафіяне, і тыя, для каго гісторыя ракаўскага касцёла неаддзельная ад гісторыі жыцця. 
Таццяна Сівец, (AG)
|