Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўшанаваў палеглых у бітве пад Ленінo
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.10.2015 09:11

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 72-ой гадавіне бітвы пад Ленінo, прайшлі 12 кастрычніка ў Горацкім раёне.

Біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB быў таксама запрошаны Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Разам з біскупам у малітве за палеглых прынялі ўдзел новапрызначаны Магілёўскі дэкан і пробашч катэдральнай парафіі ў Магілёве кс. Віталій Драздоўскі, а таксама ксёндз Андрэй Кеўліч, пробашч у г. Горкі. Ушанаваць памяць землякоў, якія загінулі на беларускай зямлі, прыбыла таксама і дэлегацыя з Польшчы.


«Рымска-каталіцкі Касцёл далучаецца сёння да супольнай малітвы ўсіх сабраных тут у Леніно, каб не толькі дзякаваць тым, хто падчас Другой сусветнай вайны загінуў абараняючы нашыя краіны, а каб супольна прасіць Бога захаваць сёння мір, здабыты вялікай цаной пралітай крыві, і прывіць маладому пакаленню шлях вырашаць непаразуменні і канфлікты ў духу дыялогу і ўзаемапашаны», — адзначыў на мерапрыемстве біскуп Аляксандр.


Разам са святарамі, дэлегацыяй з Польшчы і вернікамі біскуп памаліўся за палеглых на беларускай і польскай мове, а, удзяляючы благаслаўленне, заклікаў усіх сабраных быць сведкамі Божага супакою.

Паводле гістарычных звестак каля пасёлка Леніно ў 1943 годзе ў першы бой з гітлераўскімі захопнікамі ўступіла Першая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, сфарміраваная на тэрыторыі СССР з польскіх патрыётаў. Польскія воiны, атакаваўшы суперніка, прарвалі варожую абарону і авалодалі моцна ўмацаванай вышынёй у 215,5 м. Сёння на гераічнай вышыні знаходзіцца мемарыяльны комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці. У брацкіх магілах пад Леніно спачываюць 1711 савецкіх і 502 польскіх воiнаў.


Вечны адпачынак дай ім Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць, няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.