Рэкалекцыі для святароў прайшлі ў Касцюковічах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
18.10.2015 17:19 |
15 кастрычніка ў парафіі Святой Тройцы ў Касцюковічах завяршыліся трохдзённыя духоўныя практыкаванні для святароў, якія праходзілі тут упершыню. Рэкалекцыі праводзіў кс. Андрэй Далянскі.
У першы дзень рэкалекцыяніст прапанаваў звярнуць увагу на тое, якім вялікім дарам з’яўляецца пакліканне да святарства. Удзельнікі духоўных практыкаванняў мелі магчымасць наведаць руіны каталіцкай святыні ў Канічах, каб лепш пазнаёміцца з гісторыяй Касцёла на Магілёўшчыне. У другі дзень сабраныя разважалі аб тым, якім павінен быць святар, асаблівым чынам звяртаючы ўвагу на Першае Пасланне св. Паўла да Цімафея, дзе падкрэсліваецца што пакліканы павінен быць павінен быць бездакорным, верным, цвярозым, разважлівым, прыстойным, гасцінным, здольным навучаць, не схільным да п’янства, не сварлівым, але спагадлівым, міралюбным і не прагным да грошай.
Таксама з удзельнікамі рэкалекцый сустрэўся дапаможны біскуп Мінска-Магілўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які пажадаў ім плённа выкарыстаць час духоўных практыкаванняў. У трэці, заключны дзень кс. Андрэй Далянскі звярнуў увагу на неабходнасць пастаяннага развіцця святарскай духоўнасці.
Паводле mohylev-katolik.by (AG)
Фота mohylev-katolik.by
|