У парафіі Св. Пятра і св. Паўла ў Шклове адбылася чарговая пастырская сустрэча духавенства Магілёўшчыны.
У сустрэчы прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB, кс. Віталій Драздоўскі (Магілёў), кс. Андрэй Яркавец (Бабруйск), а. Ежы Вежхоўскі CMF (Магілёў), кс. Андрэй Далянскі (Касцюковічы), а. Гжэгаж Ксёнжэк SP (Чавусы), кс. Аляксандр Шупенька (Шклоў), кс. Андрэй Кеўліч (Горкі), дк Мікалай Гракаў (Бабруйск), сёстры законныя Кангрэгацыі Сясцёр святой Ядвiгi ад Беззаганнай Багародзiцы Панны Марыi (ядвiжанкi), Кангрэгацыі Сясцёр св. Дамiнiка (дамініканкi) і Кангрэгацыі Сясцёр Мiсiянерак Святой Сям’i. Сустрэча пачалася духоўнай канферэнцыяй, якую падрыхтаваў а. Гжэгаж Ксёнжэк. У выступленні святар прадставіў харызмат сваёй манаскай супольнасці – Ордэну пабожных школ, асаблівым чынам паказваючы піярскую духоўнасць, якая засноўваецца на трох традыцыйных манаскіх абяцаннях: чыстасці, убоства і паслухмянасці, але мае свой непаўторны характар: кожны піяр складае чацвёрты шлюб – асабліва клапаціцца пра выхаванне дзяцей і моладзі. Пасля духоўнай канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDВ. Вельмі радасным было і тое, што ў супольнай малітве прынялі ўдзел і вернікі шклоўскай парафіі. У гаміліі іерарх прыгадаў постасць св. Яна Паўла ІІ і заклікаў уводзіць у жыццё яго словы: «Каго любіш, заўсёды знойдзеш для яго час». Пасля Эўхарыстыі адбыўся сумесны пачастунак, а затым абмеркаванне некаторых душпастырскіх спраў.
Сярод іншага, біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча за малітву ў інтэнцыі Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, які адбываецца ў Рыме.
Біскуп нагадаў, што 1-2 лістапада – асаблівыя дні малітвы за памерлых, і заахвоціў да арганізацыі наведвання могілак. 2 лістапада ў капліцы на «польскіх могілках» у 12.00 адбудзецца святая Імша з Літургіяй Гадзінаў і працэсія па могілках. Малітву ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Таксама біскуп нагадаў аб распачацці Года Міласэрнасці. У прыватнасці, 13 снежня, у ІІІ Нядзелю Адвенту, у магілёўскім катэдральным касцёле адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Брамы Міласэрнасці. Наступная сустрэча духавенства Магілёўшчыны плануецца 18 лістапада ў парафіі Св. Антонія ў Магілёве.
Паводле mohylev-katolik.by (AG) Фота mohylev-katolik.by
|