Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Семінарыст Павел Трон атрымаў дыяканскае пасвячэнне ў роднай парафіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.10.2015 13:01

25 кастрычніка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылося дыяканскае пасвячэнне семінарыста Паўла Трона. Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Семінарыст Павел Трон паходзіць з вілейскай парафіі, з дзяцінства служыў пры алтары ў якасці міністранта і прымаў актыўны ўдзел у парафіяльным жыцці.

Гэты дзень стаў для парафіі гістарычным. На пачатку ўрачыстасці пробашч кс. Аляксандр Барыла адзначыў: «Вілейская зямля ўжо нараджала святарскія пакліканні. Але ў гэты дзень мы ўпершыню будзем сведкамі пасвячэння ў сценах нашага касцёла».

Біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў усіх прысутных да малітвы за добра вядомага парафіянам Паўла і за ўсіх пакліканых, а таксама дадаў: «Сёння мы ўбачым, як нараджаюцца святары».

У гаміліі біскуп распавёў пра галоўнае заданне дыякана – служэнне слова, алтара і любові. Іерарх адзначыў, што сёння часта гаворыцца пра недахоп тых, хто будзе несці гэтае служэнне, аднак пакліканняў шмат, толькі маладым людзям складана адказаць «так». Біскуп падкрэсліў важнасць малітвы і дадаў, што, каб зрабіць такі выбар, патрэбна падтрымка.

Таксама іерарх звярнуў увагу на ролю сям’і, сказаўшы: «Калі ў сям’і ёсць дзяленне любоўю, падтрымка, выхаванне дзяцей і вера, гэта дапамагае чалавеку пачуць голас паклікання. Каштоўнасці, якія мы атрымліваем у сям’і і нясём праз усё жыццё, дапамагаюць у пакліканні і служэнні».


Біскуп заахвоціў усіх прысутных маліцца за святароў, падкрэсліўшы: «Ваша малітва дапамагае нам быць добрымі слугамі для вас, несці вам Божае слова».

Пасля гаміліі Павел Трон публічна выказаў свой намер выконваць абавязкі дыякана і склаў абяцанне пашаны і паслухмянасці свайму ардынарыю. Вернікі папрасілі дароў Духа Святога для выбранага на пасвячэнне словамі Літаніі да ўсіх святых. Потым адбылося ўскладанне рук і малітва біскупа, пасля чаго Павел Трон стаў дыяканам.

Напрыканцы ўрачыстасці біскуп сказаў: «Сёння мы ўбачылі, як нараджаюцца святары. Яны не прыходзяць з неба, але нараджаюцца і выходзяць з нашых сем’яў». Вернікі падзякавалі іерарху за прысутнасць і ўдзеленае пасвячэнне і павіншавалі свайго парафіяніна дыякана Паўла.

Кацярына Дурко, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.