Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новы фармацыйны год пачаўся для свецкіх кармэлітаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.10.2015 15:38

24 верасня ў мінскай парафіі Божага Цела (вул. Герасіменкі, 8) пачаўся новы фармацыйны год для членаў Трэцяга ордэна кармэлітаў босых (свецкіх кармэлітаў).

Спачатку адбылася фармацыйная сустрэча супольнасці кандыдатаў, якія разпазнаюць сваё пакліканне, і тых, хто распачаў навіцыят. Яны знаёміліся з харызмай Кармэлю і галоўнымі элементамі кармэліцкай духоўнасці: дух малітвы, марыйнасць, святы шкаплер як знак запавету з Марыяй і жыццё ў Божай прысутнасці. Падрабязна разглядалі кожны з гэтых элементаў, тое, што ён азначае паводле Святога Пісання, вучэння Каталіцкага Касцёла і святых Кармэлю, а таксама тое, як гэтыя элементы кармэліцкай харызмы праяўляюцца ў жыцці свецкага кармэліта.

Затым уся супольнасць сабралася на Літургіі Гадзінаў, пасля якой свецкія кармэліты чувалі на адарацыі і ўнутранай малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Наступным элементам праграмы была канферэнцыя айца Пятра Фраштэнгі OCD, падчас якой ён прадставіў ліст Генеральнага настаяцеля Ордэна кармэлітаў босых з нагоды кананізацыі Луі і Зэлі Мартэн, бацькоў святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, кармэліткі і доктара Касцёла.


У канферэнцыі айцец Пётр, у прыватнасці, сказаў:

«Гэтая кананізацыя з’яўляецца чарговым знакам, які дае нам Пан дзеля ўмацавання нашай веры і аднаўлення запалу на нашым шляху быцця кармэлітамі, пакліканымі да перажывання “мужнай ласкавасці” Жаніха (пар. Evangelii gaudium 85), які сваёй любоўю хоча запаліць надзею ў сэрцах усіх людзей.

Касцёл, кіраваны Духам Святым, падчас трывання Сіноду Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце” ўпершыню ў гісторыі пастанавіў кананізаваць абоіх сужэнцаў разам. Прайшло паўтара стагоддзя з таго моманту, як Луі і Зэлі ўзялі шлюб, шмат радыкальных змен адбылося і ў Касцёле, і ў еўрапейскай культуры. У якім сэнсе іх сужэнства і гісторыя іх сям’і можа стаць прыкладам у наш час, калі сама мадэль сям’і так моцна адрозніваецца ад таго, у што яны верылі і што перажывалі?

Перадусім трэба вызваліцца ад перадузятасці і стэрэатыпаў сучаснай культуры. Прыгледзеўшыся да жыцця святых Луі і Зэлі Мартэн, мы бычым мужчыну і жанчыну, у жыцці якіх адбываліся здарэнні, якія можна назіраць таксама ў сучасным свеце.  Яны ўзялі шлюб ужо не ў маладым узросце, як на тыя часы (ёй было 27, яму 35), і дзень за днём вучыліся дзяліцца адно з адным сваімі здольнасцямі, адказнасцю, падзяляць цяжкасці, радасці і цярпенні. Абое працавалі, нарадзілі дзевяць дзяцей, клапаціліся пра іх. Чацвёра з дзяцей памерлі вельмі рана. Перажыванне жалобы не было чымсьці лёгкім, перадусім для Зэлі. Луі заўсёды быў пры ёй, нават адмовіўся ад свайго бізнесу дзеля жонкі, якая хварэла. Дапамагаў ёй ажно да яе смерці, якая спасцігла яе на 47-м годзе жыцця. Луі заставаўся ўдаўцом ажно да ўласнай смерці праз 17 гадоў. Ён забяспечваў быт і выхаванне сваім пяці дачушкам, цалкам прысвяціўшы сябе ім. Усе пяць выбралі манаскае жыццё. Ён перажываў гэта як велікадушны акт ахвяравання свайго жыцця і жыцця сваіх дзяцей Богу.

Матывам прыняцця Касцёлам іх сведчання сужэнскага жыцця за ўзор з’яўляецца праўда пра чалавечую любоў у Божым плане збаўлення. Калі паглядзім на іх вопыт сужэнскага жыцця, можам убачыць дзве характэрныя рысы, якія актуальныя і сёння:

  • першая — гэта перажыванне сустрэчы з іншай асобай і сужэнства як паклікання. Толькі прымаючы адно аднаго як дар, які паходзіць ад Бога, і спрабуючы бачыць іншую асобу як аблічча любові Айца, можна пабудаваць свой дом на моцным фундаменце;
  • другая — гэта непасрэдны вынік такога ўглядання ў іншую асобу і адкрытасці сэрца: перажыванне адносінаў са сваёй жонкай або мужам як сяброўства. Павага, якая вынікае з прызнання адно аднаго саюзнікамі і з прыемнасці быць для іншага дапамогай, уключае цярплівасць, пакору, вытрымку, далікатнасць, давер і зацікаўленасць, неабходныя для таго, каб адносіны не перарадзіліся ў пошук сябе ў іншай асобе, у намаганне атрымаць уладу, у знішчальную паўтаральнасць.

Іх шчырасць у пошуках Божай волі і прыняцце парадаў духоўнага кіраўніка дапамаглі ім зразумець прыгажосць паклікання да сужэнства, якое яны першапачаткова планавалі перажыць ва ўстрыманні. Можна вылучыць некаторыя цэнтральныя аспекты іх падыходу ў адносінах да дзяцей, адкрыць якія неабходна таксама сучасным сем’ям:

  • нараджэнне дзяцей — гэта дар; заўсёды, нават тады, калі іх жыццё будзе кароткім або адзначана цярпеннем, бо яно паходзіць ад Бога і да Яго вядзе;
  • выхоўваць — гэта значыць дапамагаць у пазнанні сваёй добрай крыніцы, Айца; гэта значыць вучыць прагнуць неба і перажываць сваё існаванне — працу, абавязкі, цярпенні — як падрыхтоўку; як нешта каштоўнае, калі яно будзе прынята з даверам і любоўю; як крок, які вядзе да мэты і садзейнічае ўзрастанню вартасці асобы.

Увага, скіраваная на іншага чалавека, і ўдзячнасць за тое, што ён такі, які ёсць, практыкаваныя ў сужэнстве, а затым скіраваныя на клопат пра маральнае і духоўнае ўзрастанне дзяцей, у сям’і Мартэн мелі важнае дапаўненне, якім былі шчырая любоў, прыняцце ўбогіх, увага да патрабуючых. Любоў да Бога, калі яна ёсць, заўсёды непарыўна звязана з любоўю да бліжняга, асабліва да тых, каму патрэбна дапамога.

Святая Тэрэза ва ўзросце 13 гадоў.

Унутраны супакой, давер і вытрымка ў пазітыўным прыняцці выклікаў, якія ставіць перад намі жыццё, здольнасць перажываць адносіны, велікадушна ставячы ў цэнтр іншую асобу з яе непаўторнасцю, характэрныя для сужэнства Луі і Зэлі і іх адносінаў з дзецьмі, не з’яўляюцца плёнам спецыяльных дароў або містычных перажыванняў. Яны вынікаюць з адказнага стаўлення да Божай волі і падпарадкавання ёй у супакоі, а таксама з глыбокага перажывання жыцця Касцёла, штодзённа прымаючы ласку сакрамэнту Эўхарыстыі, умацоўваючы сувязь з Езусам падчас адарацыі Яго вернай любові, ахвяраванай у кансэкраванай Гостыі, молячыся асабіста і як сям’я, сабраная вакол Дзевы Марыі, актыўна ўдзельнічаючы ў харытатыўнай дзейнасці парафіі, нягледзячы на шматлікія абавязкі. І пры гэтым заўсёды маючы час на тое, каб слухаць сваіх дачок і быць гатовымі зрабіць ім станоўчую заўвагу і паправіць.

Нястомны пошук блізкіх адносінаў з Езусам і Марыяй і прыкладнае перажыванне іх святымі Луі і Зэлі Мартэн — гэта самае каштоўнае пасланне, пакінутае імі ў спадчыну сваім дочкам і нам, дзецям святой Тэрэзы. У іх кананізацыі мы можам адкрыць скіраванае да тэрэзіянскага Кармэлю запрашэнне быць сапраўднай сям’ёй, адкрываць прыгажосць і значэнне нашых штодзённых абавязкаў, у пакоры вучачыся ў сем’яў, якія актыўна перажываюць сваё пакліканне і місію».

Заключнай часткай сустрэчы свецкіх кармэлітаў стала супольная малітва Нешпараў, якая дапоўнілася ружанцовай малітвай. Завяршыўся дзень удзелам супольнасці ў Эўхарыстыі.

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.