Пілігрымку па святынях Віцебшчыны атрымалі ў падарунак маладыя вернікі з Нарачы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
27.10.2015 10:10 |
У парафіі Св. Андрэя, апостала, у Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) стала традыцыяй для дзяцей і моладзі ў кастрычніку кожны дзень маліцца Ружанец перад вячэрняй святой Імшой. Просьбы да Бога праз Найсвяцейшую Панну Марыю яны звярталі і ў кастрычніку гэтага года.
Яшчэ адна традыцыя звязана ў нарачанскай парафіі з ружанцовым набажэнствам. За ўдзел у малітве Ружанца дзеці сёлета атрымалі падарунак – пілігрымку па касцёлах Віцебшчыны.
Гэтая пілігрымка стала працягам знаёмства-сяброўства маладых нарачанцаў з Марыяй і Езусам. Маладыя вернікі прайшлі шляхам мядзельскай Кальварыі, убачылі прыгожы касцёл у вёсцы Валкалата, які, як і нарачанская святыня, пабудаваны з бутавага каменя; змаглі памаліцца ў касцёле вёскі Параф’янава, які пабудаваны ў іншым архітэктурным стылі, чым нарачанскі. Цікавай для пілігрымаў стала сустрэча з пяцісотгадовым дубам – адным з самых старэйшых у Беларусі.
Напрыканцы пілігрымкі быў праведзены конкурс біблійных ведаў, за ўдзел у якім кожны атрымаў прызы і салодкі пачастунак.
Паводле naracz.na.by (AG) Фота naracz.na.by

|