Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка ў Гудагай з Мар'інай Горкі: жывыя ўспаміны
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.10.2015 12:37

Што як не пілігрымка дазваляе пазнаваць вобраз жыцця іншых людзей, мясцовыя традыцыя, архітэктуру, культуру.

Так 26 кастрычніка мне пашчасціла стаць удзельніцай пілігрымкі ў веску Гудагай разам з парафіянамі мар'інагорскага касцела св. Антонія. У дарогу адправіліся зранку, на касцёльным «бусіку», разам з пробашчам кс. Генрыхам Кучынскім.

Падарожжа ў адно месца — гэта не пра ксяндза Генрыха. Спачатку заехалі ў Крэва. Жывапіснае, халмістае мястэчка. Руіны Крэўскага замка ўражваюць магутнасцю былога будынка, а фантазія дадаткова дапамагае ўявіць веліч замка. Недалека старая сінагога, на ўзгорку касцёл Перамянення Пана. Белымі каменчыкамі выкладзены тытул касцёла, які можна прачытаць з вышыні птушынага палету.

Паехалі далей, у найпрыгажэйшае месца Гервяты. Выйшлі з аўтобуса — і дух заняло ад убачанага. На цудоўнай выспе стаіць высокі гатычны касцел Святой Тройцы, шпіль якога як лесвіца з неба на зямлю. Навокал пасаджаны дэндрапарк, дзе сабрана неверагодная колькасць цудоўных дрэў і кустарнікаў. Сярод гэтай прыгажосці стаяць фігуры апосталаў, драўляныя крыжы со старажытнай разьбой. А галоўнае, нам давялося ўдзельнічаць у святой Імшы, якую цэлебраваў кс. Генрых з дапамогай хлопцаў-міністрантаў і мясцовага арганіста. Разам з ім спявала і грала на старажытным аргане і наша Крысціна, якая вучыцца быць добрай арганісткай. Лепшых спеваў і музыкі мне чуць не даводзілася.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі аб Гервятах, мы даехалі да Гудагая, дзе сярод вескі на ўзгорку стаіць стары драўляны касцёл. Побач з ім — дом, дзе жывуць сёстры кармэліткі. Сястра Віталія, якую мы ехалі наведаць, ужо чакала нас на ганку. Яна сама з Мар’інай Горкі і часам бывае ў нас у касцёле. У кармэліцкім законе яна ўжо 10 гадоў. Падсілкаваўшыся, мы разам з сястрой Віталіей зайшлі ў касцёл, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Гудагайскай. Потым прайшлі Крыжовым шляхам, дзе стацыі ўздымаюцца з даліны на ўзгорак сярод валуноў і бярозак. Сапраўдная дарога на Галготу.

Пілігрымка і супольная малітва аднаўляюць душу. Думаю, яшчэ доўга буду згадваць гэтае падарожжа, пасля якога хочацца стаць лепшай, больш маліцца, узрастаць у добрых пастановах. Мару, каб у кожным куточку нашай краіны былі намоленыя храмы, каб больш пазнаваць Бога. Такія месцы не хочацца пакідаць, але ж трэба ў дарогу. Проста буду памятаць, што трэба яшчэ раз сюды вярнуцца.

Вялікі дзякуй ксяндзу Генрыху Кучынскаму за добры настрой, за тонкае пачуццё гумару, за цікавае, пазнавальнае падарожжа, а таксама сястры Віталіі за цёплы прыём пілігрымаў. Хай добры Бог адорыць вас моцным здароўем і патрэбнымі ласкамі ў служэнні Богу і людзям Беларусі.

Лэля Дарошка з сынамі Антонам, Радаславам і Уладзімерам (АлГ)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.