Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святога Губерта ўшанавалі ў Ракаве: «Пазнаючы прыроду, прыйсцi да пазнання Бога»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.10.2015 23:56

31 кастрычніка ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве прайшло набажэнства для паляўнічых і рыбакоў з нагоды ўспаміну св. Губерта, іх нябеснага апекуна. Набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Дзень святога Губерта адзначаецца 3 лістапада ў многіх краінах Еўропы. У Даніі ўдзел у імпрэзах прымаюць нават члены каралеўскай сям’і. У нашай краіне апошнія чатыры гады паляўнічай супольнасцю апякуецца не толькі святы Губерт, але і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.



 

Паляўнічыя Беларусі з падзякай звярнуліся да арцыпастыра падчас набажэнства ў ракаўскім касцёле. Пробашч парафіі кс. Дзмітрый Барыла, прывітаўшы гасцей, распавёў ім гісторыю мястэчка, якое пэўны час знаходзілася на мяжы з Польшчай, таму «чалавек са стрэльбай» – часам паляўнічы, а часам кантрабандыст, – быў тут постаццю звыклай.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, узгадаўшы пра існуючыя экалагічныя праблемы Беларусі, падкрэсліў, што галоўнае – бачыць навакольнае хараство і памятаць пра яго стваральніка – Бога.

 

«Язычнiкi абагаўлялi прыроду i малiлiся да дрэваў, вады, ветру i г.д. Яны чынiлi так, бо не ведалi сапраўднага Бога. Напэўна, i мы, калi б не пазналi Бога, паступалi б падобна. Прызнаемся ў тым, што прырода, зоркі, якія свецяць на небе, прыгажосць палёў, гор, лясоў, рэк i азёр захапляе нас i накiроўвае да iншай, незямной рэчаiснасцi, — сказаў арцыпастыр у гаміліі. — Нездарма святы Тамаш Аквінскi выкарыстоўваў iснуючы ў прыродзе парадак i яе прыгажосць як адзiн з доказаў iснавання Бога».

Мітрапаліт адзначыў, што «нам неабходна час ад часу выйсцi з пагружанага ў клопаты, поўнага гоману i мiтусні свету i пайсцi на прыроду, каб там зведаць прысутнасць Бога».

Разважаючы над чытаннем Евангелля, якое распавядае пра дыялог памiж Езусам i багатым маладым чалавекам, якi хацеў быць дасканалым і якому Езус параiў прадаць сваё багацце i раздаць бедным, Мітрапаліт сказаў: «Паляванне на багацце часта становiцца мэтай жыцця чалавека i яго жыццёвым крэда. (…) У той жа час Езус кажа нам шукаць духоўнага багацця, быць яго паляўнiчымi. Гуляць у гульнi з мэтай знайсцi схаваны скарб або чытаць кнiгi пра пiратаў цi астравы скарбаў, безумоўна, рэч прыемная i захапляючая. Але будаваць скарб у небе, выкарыстоўваючы тэрмiналогiю паляўнiчых — паляваць на яго, гэта ўжо больш сур’ёзная справа, ад якой залежыць наша вечнасць».

Арцыпастыр заклікаў сабраных задумацца «над мэтай нашага жыцця, каб мэтай палявання цi лоўлi рыбы было не iмкненне ўзбагацiцца любым коштам», але «каб, лепш пазнаючы прыроду i iснуючую ў ёй гармонiю, прыйсцi да пазнання Бога».



 

Удзельнікі набажэнства звярнуліся з малітвай да свайго апекуна св. Губерта. Самыя адданыя паляўнічыя, у тым ліку пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі ксёндз Антоній Клімантовіч, атрымалі граматы з рук Мітрапаліта.

Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў машыны (паколькі даўней акраплялі жывых коней, то цяпер – «коней жалезных»), а ўвечары на плябаніі ўсіх чакала традыцыйная размова з гарачым супам з палявой кухні і падсмажанай на агні дзічынай.

Паляўнічыя пастанавілі, што ў Ракаў варта завітваць часцей, тым больш што, як яны адзначаюць, пасля малітвы праз заступніцтва святога Губерта вельмі шанцуе на паляванні.



 

Святы Губерт нарадзіўся ў VII стагоддзі ў Францыі ў шляхетнай сям’і. З маладосці вельмі цікавіўся паляваннем. Спачатку паводзіў сябе вольна з маральнага пункту гледжання, шмат часу прысвячаў пошукам задавальненняў і паляванню. Аднойчы ў Вялікую пятніцу ён, не захоўваючы павагі да смерці Хрыста, пайшоў на паляванне. Там яму аб’явіўся алень з ззяючым паміж рагоў крыжам. Губерт пачуў словы: «Ты вельмі шмат часу прысвячаеш справам гэтага свету. Памятай, што мэта чалавека зусім іншая». Гэта быў пераломны момант у жыцці Губерта. Ён змяніў жыццё і стаў святаром, пазней біскупам, абвяшчаў Евангелле сярод вернікаў і язычнікаў, вылучаўся глыбокай малітвай, захаваннем посту і дабрачыннасцю. Яго ўспамін адзначаецца 3 лістапада.

Таццяна Сівец, (AG)

Фота Таццяны Сівец

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.